Latin

Злая зорка - 20

Süzlärneñ gomumi sanı 4263
Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2069
0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
Вольга Андрэеўна ажно спалохалася ў першы міг, а пасля захлынулася радасцю: во ён, яе Глеб, здаровы, ружовы, загарэлы, праўда, задыханы! Трое маладых хлопцаў у аднолькаВых шэрых бальнічных піжамах, дрэнна адпрасаваных пасля мыцця, увайшлі ў прыёмны пакой знадворку, i Глеб першы ўбачыў маці. Першы i абняў яе, разгубленую ад нечаканасці i радасці.
— Глебушка, хлопчык мой! Што ты так дыхаеш?
— А мы прабежку зрабілі па парку.
Тут увайшоў Пыльчанка-старэйшы, пачуў гэта i ажно кракнуў ад прыкрасці. Моцна ўзлаваўся на жонку. З-за чаго ўзняла паніку? Прымусіла ехаць на ноч гледзячы? Так i вымавіў ёй, калі выйшлі ў бальнічны сад, каб пачакаць Глеба, які пайшоў прымаць працэдуру.
Вольга Андрэеўна не злавала на мужа, лёгка ўпікала яго:
— Дурань ты стары! Чаго разбурчаўся? Радуйся, што здаровы ён, Глеб, i сябры яго здаровыя. Работа… Не вол твая работа — не ўцячэ. Там у вас начальства сабралася больш, чым тых, што робяць з дэзактыватарам, брандспойтам, лапатай…
A Уладзімір Паўлавіч не мог супакоіцца. Ён разумеў жонку i ў душы не так ужо асуджаў яе: маці ёсць маці. Але цяпер ён раўніва думаў, што яе дарожная ноч была лягчэйшая. Яна не таіла свой страх. А сам Пыльчанка маўчаў. У яго ўсё гарэла ўнутраным агнём, самым пякучым, бо не мог ён дазволіць трывогам сваім вырвацца вонку, ён ашчаджаў маці, разумеючы, як глыбока раніла б яе Барысава тайна; у праўдападобнасці Тамарынай здагадкі яна, канешне, не ўсумнілася б.
Уладзімір Паўлавіч адчуваў сябе стомленым, разбітым. I шафёр стомлены. А трэба ехаць назад — рабіць тут няма чаго. Прыляцелі за трыста вёрст глянуць, як сын бегае па дарожках. Злаваўся нават на Глеба: не мог супакоіць маці, калі званіў!
Глеб сказаў тое, што сказаў маці ўчора ўвечары: прывезлі ix сюды на абследаванне, усіх возяць, хто працуе на станцыі, у зоне. Глеб для спакою бацькоў стаіў, што не па графіку абследавання, якое пачалі ўводзіць, яго адаслалі ў Кіеў, a прывезлі на «хуткай» з дзяжурства: ён страціў прытомнасць у турбіннай зале свайго другога блока станцыі. Праўда, не ён першы. Медыкі лічылі, што млеюць людзі ад таго, што ледзьве не замураваныя ад вонкавай радыяцыі, а кіслародам памяшканне насычалася слаба.
Уладзімір Паўлавіч па-сапраўднаму ўзлаваўся тады, калі жонка абвясціла, што застаецца ў Кіеве.
— Хоць яблычкі Глебу буду насіць.
— Якія яблычкі? Радыеактыўныя?
— На рынак не пускаюць з паўночных раёнаў. Толькі з паўднёвых. I дазіметрычны кантроль строгі,— сказаў Глеб.
Бацька i на яго ўзлаваўся.
«Мужчына называецца! Мамачку яму дай!»
— Адрас Галін хоць помніш? — у Кіеве жыла яго, Пыльчанкі, пляменніца.
— Адрас я ўзяла, — як бы пацвярджаючы гэта, Вольга Андрэеўна заглянула ў сумачку, хоць добра помніла гэты адрас.
Уладзімір Паўлавіч кіпеў:
«Значыць, вырашыла яшчэ ўчора застацца тут. На якое ж ліха было гэтак па-пажарнаму паднімаць мяне? Паехала б сама, без спешкі».
Холадна развітаўшыся з сынам, не стаўшы слухаць жончыны настаўленні, як жыць аднаму, пайшоў да машыны.
Паехаў назад адразу ж, толькі паснедалі са Змітром у кафэ. Паехалі на Чарнігаў, Гомель. Заўтра ўсё роўна трэба быць ў Гомелі. Чарговая нарада. Па сяўбе азімых. Вось ужо i азімыя трэба сеяць. Нельга не сеяць. А навошта? Па дзедаўскай мудрасці: паміраць збірайся, а жыта сей?
Каля двух тыдняў жыў адзін, з кожным днём усё вастрэй адчуваючы, як яму не хапае жонкі, не толькі з-за бытавой няўладжанасці — павячэраць часта няма чаго, але для душы — пагаварыць, параіцца. Каму яшчэ даверыш патаемныя думкі! А яны ў яго робяцца ўсё больш «крамольнымі».
Жонка сустрэла яго з вясёлым тварам. Такі яе твар ён бачыў апошні раз хіба чатыры месяцы назад — на вяселлі. Ды i то не ў сувязі з жаніцьбай Глеба, а з прылётам Барыса. Таму ва Уладзіміра Паўлавіча радасна ёкнула сэрца ад думкі: «Барыс! Званіў ці, можа, прыляцеў?»
Хаваючы свае пачуцці, буркнуў ca сваёй звыклай для ўсіх іроніяй:
— Ты сёння — што подмаз з’ела.
— Дык радасць жа, Валодзя! Званіў Глеб. Ад Ірыны. Ён ужо там! Разлічыўся на сваёй чортавай станцыі. I будзе працаваць у Светлагорску. Ужо дамовіўся.
Безумоўна, радасць: ён лепш за Вольгу ведаў, якая небяспека пагражае сыну, калі той надоўга застанецца на АЭС. Менш будзе трывогі. Цяпер уводзіць у бяссонніцу тайная, маўклівая трывога за Барыса i адкрытая, пра якую ён штодня крычыць, — за школьнікаў, што вяртаюцца з дальніх піянерскіх лагераў, санаторыяў у свае школы. Але не масліць жа яму фізіяномію перад жонкаю.
— Парасё твой Глеб. Мінуў бацькоў i паехаў да жонкі.
— Валодзя! А што яму рабіць тут? Радуйся, што ён там. А сам ты хіба не праязджаў міма бацькоў, калі ехаў да мяне? Яшчэ да жаніцьбы.
— Прыраўняла.
Вольга Андрэеўна засмяялася i пацалавала мужа.
I ў тую ноч, упершыню за колькі месяцаў спала нармальна, нічога кашмарнага не сніла. Уладзіміра Паўлавіча ажно будзіла яе нязвыкла роўнае дыханне. Божа! Да чаго дажыўся! Пачаў трывожыць спакой блізкага чалавека! Бо падманны ён. Маці не ведае таго, што ведае ён. Як жа доўга гэта будзе працягвацца — яўныя i тайныя трывогі, што сушаць сэрца страшней за хваробу.
I ў Сінякова — выгляд хворага чалавека. I боязна спытаць: як ты, Пятро, адчуваеш сябе? Не хапае духу параіць: схадзі, Пятро, да ўрачоў, праверся. Спалохаць чалавека можна, бо ва ўсіх зараз анкалафобія. Кожны ўпотай мацае раніцамі сваю печань: ці не баліць? ці на месцы — не спаўзла?
Аднак спытаў — з дааварыйнай лёгкасцю:
— Ты што, Пятро, змарнелы нейкі, схуднеў. Памойму, ты галадаеш. Я тыдні два пажыў без жонкі — застагнаў. Прыходзь да нас вячэраць. Вольга цябе адкорміць. Глядзі, які я карак маю, — хоць i ў самога каўнерыкі сталі свабодныя — сушыла тайна.
Пятро Міхайлавіч не прыняў яго лёгкасці, як раней падхопліваў жарты «старога». У незвычайна сур’ёзнай, запаволенай для яго характару задуме прайшоўся па кабінеце. Прызнаўся шчыра, па-брацку, без гульні ў аптымізм:
— Дрэнныя мае справы, Уладзімір Паўлавіч. Безвыходнае становішча…
— А што? — сапраўды ўжо ўстрывожана спытаў Пыльчанка, палохаючыся неадчэпнай думкі: «Няўжо рак?»
— Катэгарычна адмовілася мая Паліна вяртацца сюды. I слухаць не хоча. «Каб я павезла ў твой рэактар дзяцей?» Развесціся гатова.
— Пятро! I гэта ўвесь твой клопат? Ха! Развесяліў ты мяне.
— Вам смешна. А мне… для мяне гэта канец кар’еры. Столькі вучыўся! Так стараўся! Хто паверыць, што я ўласную жонку не магу пераканаць? Кожны з ix падумае: знайшоў прычыну, каб уцячы. Адпусцяць, канешне. Але куды? На якую пасаду?
— Хочаш, пагавару з Аляксеем? Я пераканаю яго.
«Узрадаваўся. Есць магчымасць заняць маю пасаду. A прыкідваўся святым», — падумаў самалюбівы малады сакратар, які толькі пазнаў смак улады. I стала яму да болю шкада сябе. Сам сябе асудзіў, аднак усё роўна адчуў непрыязнь да гэтага старога зубра, які легка вырашае ўсе праблемы i любую працу робіць як бы жартуючы. Але выйсця не было. Перагаворы з жонкай — апошні месяц кожную нядзелю ездзіў у Лепель — не дал i вынікаў. На размову з Аляксеем не хапала пораху: баяўся страшнага слова «дэзерцір» i вельмі нізкай пасады, ды i тую дадуць у якой-небудзь Карме, дзе выяўлена не меншая радыяцыя; начальства, калі незадаволена, умее рабіць каварныя хады. Таму пры ўсёй складанасці пачуццяў да Пыльчанкі згадзіўся на яго дапамогу.
Уладзімір Паўлавіч паверыў Пятру, бо ведаў Паліну, яе характар, разумеў псіхалогію маці малых дзяцей, ды яшчэ пры яе ўмовах — ёсць добры бацькоўскі дом у бяспечным месцы, i з усёй сяброўскай шчырасці пачаў памагаць свайму партыйнаму кіраўніку.
Горача даказваў Аляксею Раманавічу, што хлопец марнее, бо разводам пахне, i трэба пайсці яму насустрач — перавесці ў чысты раён.
Сакратар слухаў уважліва, але нахмурана. I ашаламіў пытаннем:
— Прызнайся! Табе хочацца заняць яго пасаду?
— Мне? — Уладзімір Паўлавіч засмяяўся ад нечаканасці.— Позна. Мне пара ўступаць сваю.
Аляксей Раманавіч пагразіў пальцам:
— Гэта вы мне кіньце. Разбягаецеся, як з карабля. Панікёры! Карабель не тоне. I не патоне!
— Мы — панікёры? Вы нас крыўдзіце. Дзе гэта вы бачылі ў мяне паніку?
— Ладна, не крыўдуй. Не пра цябе размова. Але Сіняковых многа.
Начальства ў час перабудовы спешна набывала дэмакратычнасць, хоць Аляксей i раней не паводзіў сябе бюракратам. Да ix жа, кіраўнікоў пацярпелых раёнаў, праяўляў асаблівую ўвагу i клопат. Строгім, але добрым быў. Стараўся заахвоціць i словам, i хоць якімі прывілеямі. Выкарыстоўваў кожны выпадак пагаварыць не толькі пра справы — пра дэзактывацыю i ўборку хлеба, але i пра самаадчуванне, пра сям’ю, у душу заглядваў. Падбадзёрыць людзей трэба! Навука даўняя, простая, але не кожнаму яна даецца. Іншы ведае не толькі арыфметыку — вышэйшую матэматыку гэтае навукі, a ў яго ўсё роўна не выходзіць, не атрымліваецца сардэчны кантакт з падначаленымі, самі людзі трымаюць дыстанцыю. А другі, здаецца, не вельмі i стараецца i пашумець можа, a адносіны яго шчырыя i натуральный, без «ігры на публіку». Да якой катэгорыі далучыць Аляксея — Пыльчанка наўрад ці адказаў бы адназначна. А можа, чалавек i павінен быць такім — гнуткім, шматгранным, супярэчлівым? Добра было ўжо тое, што з Аляксеем усё ж можна было пагаварыць. Нават аспрэчыць яго дазвалялася. Ен даказваў свае думкі горача, часам раздражнёна, але, здаючыся, не «меў зуб» на апанента. Паспрабаваў бы нехта гэтак непачціва «пабіць», напрыклад, таго ж Лявонція! Ого! Калі яго нават у більярд абыгрывалі, ён чырванеў i кідаў гульню i пасля з такім непачцівым падначаленым ніколі не ўзнаўляў яе.
Аднак кожны начальнік любіць паапякаць i выдаць аванс у той ці іншай форме: помні, маўляў, маю дабрыню.
Па такой схеме будавалася ix размова. Аляксей Раманавіч падняўся з-за стала, закурыў.
— Куры. Прабач. Забыўся. Ты ж не курыш. Правильна. Доўга пражывеш.
— Пражыву. Насычуся нуклідамі… i буду жыць, як Мафусаіл — дзевяцьсот гадоў.
Сакратар паглядзеў у акно. З вышыні адкрываўся маляўнічы від на парк, раку, зарэчныя прасторы.
Уладзімір Паўлавіч усцешыўся за Сінякова. Не адбіў Аляксей з ходу яго просьбу — значыць, прыняў сур’ёзна i задумаўся, куды перавесці чалавека. Але сакратар сказаў не пра Сінякова — пра яго, Пыльчанку:
— Хацеў я цябе падняць. Трэба мне такі памочнік. З вопытам. Але… там не згадзіліся, — паказаў вачамі ў столь, хоць вышэй паверха, на якім яны знаходзіліся, нікога не было.
Пыльчанка весела кракнуў.
— Хто? Дырэктар?
Аляксей Раманавіч крута павярнуўся, змераў старшыню райвыканкома строгім асуджальным паглядам.
— Усё ты знаеш. У гэтым твая бяда. Не, не ў гэтым. Знаць можна… Язык не ўмееш трымаць за зубам!. Язык твой — вораг твой.
— Во гэта праўда! — ахвотна згадзіўся Пыльчанка.
— Непачціва ты гаварыў з ім, калі ездзілі.
— Гаварыў — як вымушалі абставіны. Дыпламатам не быў. Ды i не да месца яна, дыпламатыя, у нашай сітуацыі.
— Тэлеграмамі злоўжываеш.
— Каб мог да яго дазваніцца, то не загружаў бы тэлеграф.
— Мне цяжка дазваніцца?
— Вам? — Пыльчанка асекся; не, яму дазваніцца не цяжка, з ім звязваюць у любы час, нават калі ён на кватэры, на дачы. Але ж… Тонка пад’ехаў, Алёша, дарагі наш шэф! Зачапіла цябе, што я разоў колькі «пераскочыў» цераз абласныя кабінеты. Але ты ў пачатку аварыйнай эпапеі сам заклікаў: «Нікому не давайце спакою — ні Мінску, ні Маскве». Няўжо кіўнулі табе зверху? Во табе i перабудова! Паскорана рухаемся — у які бок? Адчуў — падступае злосць. Спаўзае павольна з мяккіх тармазоў, якія трымалі яго, пакуль стараўся памагчы таварышу. Спалохаўся магчымай успышкі, языка свайго спалохаўся. Таму адказаў з пачцівай пакорлівасцю: — Я думаў, што памагаю вам.
— Памагаў, пакуль мы не валодалі сітуацыяй.
— А цяпер вы валодаеце ёй?
— А ты — не?
— Я? Вы знаеце, я ніяк не магу вырашыць, да каго належу — да песімістаў ці да аптымістаў. Там у нас працуе генерал Волкаў з картаграфічнага ўпраўлення Міністэрства абароны. У вас не быў? З дапамогай навейшай тэхнікі робяць карты радыеактыўных раёнаў з дакладным вызначэннем забруджанасці. Во нам бы атрымаць гэтыя карты! Але пра гэта я напісаў запіску вам. Пра карты я — між іншым. Я — пра генерала. I пра сябе — хто я? Аптыміст, песіміст? Дні тры назад Волкаў гэты кажа мне, цікавая ў нас размова была. «Праз пяцьдзесят гадоў,—кідае ён што бомбу, — увесь палескі генафонд вымра». Мяне апаліла проста. Помню, спытаў, як школьнік: «Што значыць генафонд?» — «Людзі, жывёлы…» Во так! Галавасты генерал. Разбіраецца не ў адной картаграфіі. Але знаеце, што я сказаў яму? «Слухай, генерал, кажу, калі даведаюся, што ты ўводзіш гэта ў вушы людзям — не пагляджу на тваё званне. Вазьму нарад міліцыі, яна падначалена мне, вывезу… не, не за межы раёна — за межы рэспублікі i сам дам каленкам пад зад».
Аляксей Раманавіч адкінуўся на падаконнік i весела засмяяўся, разганяючы далонямі дым, каб не глытань яго, смеючыся.
— Правільна сказаў.
— Правільна? Сказаў, можа, i правільна, а сам хілюся да яго… да генеральскага вываду.
— Ну, гэта ты мне кінь!
— А вы кажаце: валодаю сітуацыяй. Хто ёю валодае?
Сакратар нахмурыўся i пайшоў за рабочы стол, даўшы зразумець, што аўдыенцыя закончана. Да размовы пра Сінякова не вярнуўся. Нічога не паабяцаў. I Уладзімір Паўлавіч вяртаўся ў раён засмучаны: што сказаць Пятру? Паабяцаў, балбатун самаўпэўнены, што прывязе яму назначэнне ў чысты раён. Прывёз!
Аднак праз месяц, у верасні, Сінякоў пераехаў у Віцебскую вобласць — у органы ўнутраных спраў.
Развітанне было… ніякае, ні халоднае, ні гарачае. Пятро сабраў апарат райкома, запрасіў членаў бюро. Можа, чалавеку хацелася пачуць падзяку за работу сваю. Падзякі ніхто не выказаў. Гаварылі пажаданні. Але i пры добрых словах людзі як бы саромеліся глядзець Сінякову ў вочы. Нерваваўся Пятро. Чакаў, што скажа стары. Пыльчанка змоўчаў, хоць не сумняваўся, што яго размова з Аляксеем памагла Сінякову выехаць, можна лічыць, з гонарам, без трэску.
Пыльчанка адчуў настрой райкомаўцаў: як бы ні абстаўляўся пераезд, усё ж элемент дэзерцірства ёсць. У душы пратэставаў супраць такога стаўлення да чалавека, які выязджаў дзеля дзяцей. Але перарамагчы сябе не мог. Як людзі — так i ён.
Сінякоў чакаў, што адзін на адзін Уладзімір Паўлавіч усё ж скажа нешта такое, што здыме цяжар з душы.
Сказаў:
— Не забывай!
Магчыма, i гэтыя короткія словы ўзрадавалі ўцекача, бо доўга не выпускаў руку старшыні, глядзеў на яго вачамі, у якіх, здалося, таялі льдзінкі.
— Не забуду. Хіба гэта можна забыць?!
Сапраўды, забыць гэта нельга, думаў Уладзімір Паўлавіч, едучы ў Бабіна, адкуль у той дзень трэба было праводзіць няхай i недалёка — за сотню вёрст — не адкаго — паўтысячы людзей. О, наколькі цяжэй ім адарвацца ад гэтай забруджанай, але роднай зямлі!




Раздзел 5
Гракі не прыляцелі



I

У кастрычніку Ірына нарадзіла хлопчыка. Усю радасць бацькоў яе, ды i сваю ўласную, Вольга Андрэеўна прачытала ў кароткай тэлеграме, якую, напэўна, паслала ўсхваляваная Мар’я Пятроўна, бо звярталася да яе адной i зусім нетэлеграфна:
«Свацейка Ірыначка падарыла нам унука Віншую».
Без подпісу — хіба невядома ад каго?
Уладзімір Паўлавіч ажно прыраўнаваў:
— А мне, выходзіць, i радавацца не трэба? Ну, свацця!
Было чаму парадавацца. Але радасць азмрочвалася тым, што бацька народжанага зноў знаходзіўся ў бальніцы, на гэты раз у Мінску. Вольга Андрэеўна ездзіла да яго трохі хіба не так паспешліва, як у Кіеў, i мужа не прасіла — да Мінска штодня хадзіў аўтобус. Зноў яна знайшла сына знешне здаровым. Але цяпер менавіта гэта i спалохала: што яго адсылаюць у рэспубліканскую бальніцу без бачных звычайнаму чалавеку прыкмет захворвання. Не, адзін сімптом угледзела i яна — Глеб паказаў: павялічана шчытападобная залоза.
— Небяспечна гэта?
— Мама! Хіба забылася? Яна у мяне, малога, распухала.
Гэта праўда: чым толькі ў маленстве не хварэў яе малодшы сын, здаецца, да яго ліплі ўсе хваробы. Ад гэтага Глеб быў кволы i надумлівы — баяўся хвароб, з кожным прышчыкам бег да маці, не тое што Барыс, таго i з тэмпературай трыццаць дзевяць у ложку нельга было ўтрымаць.
Уладзімір Паўлавіч чакаў, што жонка на другі ж дзень паляціць глядзець унука. Не, не спяшалася. Не адразу сцяміў — чаму. Зразумеў, калі захапіў яе за швейнай машынкай. Бабуля шыла ўнуку «пасаг». I не толькі шыла. Купляла — падарункі Ірыне, малому, сватам. Здаецца, да вяселля так не старалася. Не саромелася i яму даць даручэнне: купіць Ірыне футра, не больш i не менш. Бадай, усе зберажэнні свае, што засталіся пас ля вяселля, зняла з кніжкі. Ды i ён праяўляў шчодрасць, якая самога здзіўляла, бо хоць i не быў скупы, але сялянскую ашчаднасць меў. Каб Вольга папрасіла купіць такое дарагое футра ёй (яна ні разу за ўсё жыццё не дазваляла сабе такія траты), ён, напэўна, не толькі здзівіўся б, але i абурыўся: падумаеш, чаго захацела, пані! А для Ірыны лічыў гэта нармальным. Маладая маці, урач павінна апрануцца i цёпла i прыгожа.
Нягледзячы на сваю занятасць, з задавальненнем выконваў жончына заданне: акрамя футра патрэбна яшчэ ўсялякая жаночая i дзіцячая драбяза.
Нялёгка было паклікаць старшыню райспажыўсаюза Яфрэма Калошу i звярнуцца да яго з асабістай просьбай. Адносіны ў ix былі складаныя, Пыльчанка разумеў, што не ўсё залежыць ва ўмовах вострага дэфіцыту ад гандлёвага кіраўніка, аднак нярэдка да чырвані распякаў Калошу за забеспячэнне раёна чыстым харчам, спецадзеннем, бялізнай. Той аднойчы не вытрымаў — сарваўся на паседжанні выканкома:
— Ды гары яна гарам, такая работа! Лепш у Цюмень паеду, лес валіць.
— Дэзерціра мы i там знойдзем. Рашэнне наша аб выключэнні цябе з партыі знойдзе.
Прыціх чалавек: лес валіць не хацелася, кіраваць хацелася.
З такім «сябрам» прыйшлося гаварыць на інтымную тэму.
— Слухай, Яфрэм. Ты з-пад зямлі дастаць можаш?
— Раней мог. Цяпер — не.
— Дрэнна. Па-навуковаму гэта называецца дэгра-да-цыя.
— У народзе гэта прасцей называецца: гаўно дзела.
— Чыё?
— Наша з вамі.
— Ну, тваё — не знаю. А мае — як мае быць. Глядзі, якія рэчы ты павінен дастаць мне, — i падаў спісачак, сачынёны Вольгай.
Калоша глянуў на назву першай пакупкі «футра мутонавае» i лёгенька свіснуў, але вырашыў калупнуць свайго нядаўняга бязлітаснага прабіралу:
— Значыцца, Сінякоў — у Віцебск. А вы куды навастрылі лыжы — у Варкуту ці ў Цюмень, што футра запасці вырашылі?
Пыльчанка не пакрыўдзіўся, засмяяўся — любіў людзей дасціпных i смелых.
— Лапух ты, Яфрэм. I шпільнуць добра не ўмееш. Прачытаў бы далей i варухнуў мазгаўнёй. Дзіцячыя пялёнкі для чаго мне патрэбныя? Нукліды выцерці? Ці на анучы байкавыя? Унук у мяне нарадзіўся! Першы! Знаеш ты, што гэта такое, — першы ўнук?
Ведаў старшыня райспажыўсаюза, бо меў ужо ўнукаў — i першага i другога.
— Ну, калі так, то i з-пад зямлі дастанем. Віншую. Шчыра. Бо веру: цяпер вы падабрэеце.
— Не падхалімнічай. I слухай. Ты ўжо хапаў за парушэнне правіл радыяцыйнай санітарыі. Пастарайся ўзяць на рэспубліканскай базе. Запакуй — хоць у свінец. Але каб стэрыльная чысціня. Усіх тавараў. А то рассцелеш тут перад сваімі бабамі… на нуклідным скразняку… Другая ж месяц спаць не будзе, калі не паглядзіць, што прывезлі для Пыльчанкі. Праверу дазіметрам, будуць брудныя — спішу за твой кошт.
— Добры вы свёкар.
— Не хітруй. Лаўлю я, які ты сэнс укладаеш — свёкар. Сам ты ў якім званні?
— Цесць.
— Цесць, які ўмее грэбсць.
— Куды?
— Не куды, а пад каго. Пад сябе — у першую чаргу.
— Невысокай вы думкі пра нашага брата. Крыўдна.
— Пра цябе высокай. Самай высокай. Не пратрымаўся б ты ў нас дзесяць гадоў. I ордэн табе не павесілі б. Атрымаеш i другі, калі забяспечыш школы чыстым харчам. За школы на літасць не спадзявайся. Не запісваць будзем — спісваць, без доўгіх ушчуванняў.
Калоша цяжка ўздыхнуў.
— Гэта я разумею. Сваіх двое вучняў, у восьмым i дзесятым. A ўнукаў адашлю. Карайце — не карайце… Хоць i настаўніца дачка…
Пыльчанка ўважліва паглядзеў на свайго памочніка ў вельмі цяжкай працы па забеспячэнні раёна прадуктамі, таварамі. Уздыхнуў, успомніўшы, колькі не хапае ix, настаўнікаў.
— Унукаў адсылай. Не пакараем.
Калоша шчыра ўзрадаваўся.
— Во за гэта дзякуй, Уладзімір Паўлавіч. За гэта я такія падарункі нявестцы вашай дастану! З-пад зямлі. Няхай носіць на здароўе.
У хаце горача. Ажно ў нос ударыла духмяная сухмень пасля асенняга халоднага дажджу, які суправаджаў усю дарогу. Сцены яшчэ не атынкованыя, i на суках у бярвенні выступілі слёзы жывіцы. Пахла расплаўленай смалой, пахла свежай сасной — дашчаныя перагародкі, што адгароджвалі кухню i спальні, не паспелі пажаўцець, збудаваныя, можа, тыдзень-два назад. Нагрэтая сасна аддавала ўвесь свой водар. Яшчэ пахла мохам i глінай, пэўна, i грубка не зусім высахла. Хату прывялі да добрага жылога ладу, калі Ірына была ўжо ў раддоме.
Уладзімір Паўлавіч тут жа ацаніў i якасць цяслярскай работы, нават з пэўнай рэўнасцю: ёсць i тут, на Бабруйшчыне, майстры, зроблена не цяп-ляп, па-пустаходаўску, за кароткі i нялёгкі час — у разгар летне-асенняга прыпару. Малайчына, Іван.
Іншае пачула Вольга Андрэеўна: адвечна хвалююць мацярынскую душу ў любым узросце пахі народ жанага дзіцяці — пахі жыцця i радасці. Задняя палавіна хаты з рускай печчу, куды яны ўвайшлі па-сялянску без стуку, завешаная пялёнкамі, прасцінкамі, коўдрачкамі. I свякроў парадавалася, што бацька падрыхтаваў Ірыне такія ўмовы. З лёгкім смуткам прыгадала, як нялёгка прыходзілася ёй, калі нарадзіўся Барыс i яны жылі на прыватнай кватэры ў малюсенькім пакойчыку, i не было нават дзе пасушыць пялёнкі — адна вузенькая батарэя, ледзь цёплая.
Ix ніхто не сустрэў. Але за перагародкай чуліся галасы — Ірынін i Марыі Пятроўны. Не, яны не размаўлялі паміж сабою. Яны размаўлялі з ім — з новым чалавекам. Адвечнае буркаванне галубак над галубяткам. Словы — што песня, у ix мала сэнсу, але многа хвалюючай музыкі. I радасці, i трывогі.
Вользе Андрэеўне нясцерпна захацелася далучыцца да гэтае песні. Уладзімір Паўлавіч кашлянуў; нядобра падслухоўваць нават песню, калі яе спяваюць не табе.
Марыя Пятроўна выглянула з дзвярэй. Не здзівілася — узрадавалася шчыра.
— Якія госці!
Але пацалавалася толькі са сваццяй. На свата як забылася — i рукі не падала. Уладзіміра Паўлавіча гэта развесяліла: разумеў — не ад крыўды гэта i не ад разгубленасці. Ад пачуццяў.
Марыя Пятроўна мітусілася, спяшалася, быццам госці спазніліся.
— Распранайцеся ж, распранайцеся.
I гукала:
— Ірачка! Паглядзі, якія госці да нас!
— Мама! Я ж спавіваю.
— Спавівай, спавівай, дачушка. Свякроў твая…
— Я чую. Добры дзень, мама. Добры дзень, Уладзімір Паўлавіч.
— Віншуем цябе, Ірына! — весела гукнуў свёкар.
— Дзякую. I вас віншую… I вас.
Павесілі паліто на цвікі, убітыя ў бярвенне. Увайшлі ў залу — у самы вялікі пакой, самы абжыты. Пасярод стаяў круглы стол, які рассоўваўся: сям’я — дзевяць душ! У кутку — тэлевізар. Над ім, у прасценку — вялікі Лізін партрэт, каляровы, — як ікона. Партрэт гэты на нейкі час азмрочыў Уладзіміру Паўлавічу радасць… вярнуў туды, дзе адбылася трагедыя i дзе, ведаў, адбудзецца не адна яшчэ. Заселі ў галаве словы аб палескім генафондзе. Ніхто яшчэ, нават з зацятых песімістаў, гэтак не выказваўся, як той чортаў генерал. Успамінаў яго — злосна мацюкаў. Згаджаўся з ім i адмаўляў. Есць рэчы, якія лепш не ведаць ці лепш не чуць ад аўтарытэтаў. Прасцей было б, каб сказаў гэта любы балбатун, выказванні такіх жывуць што матылькі-аднадзёнкі. А ёсць словы, кінутыя часам між іншым, мімаходам, а ляжаць яны пасля цяжкім валуном, калі ніхто больш не чуў ix. А даходзяць да людзей — робяцца крылатымі, i тады ад ix або дабро, або вялікая бяда. Не дай божа, каб паляцелі словы аб генафондзе. Ен баіцца ix паўтараць. Здаецца, толькі Пятру ды Аляксею сказаў. Жонцы не расказаў пра сваю размову з Волкавым.
Добра, што Вольгу, здаецца, не скалануў так Лізін партрэт, як яго. Вольга яўна рыхтуецца ўзяць на рукі першага ўнука: абняла грубку, грэла рукі i грудзі.
Немаўля за перагародкай закугакала. Звычайна, як усе дзеці. Але нават яму, дзеду, скептычна настроенаму да жаночых пяшчот, здалося, што голас унука незвычайны. Засмяяўся.
— Басок мужчынскі. Шаляпінскі. Якое імя дамо?
— Ужо далі,— сказала свацця, задаволеная, што паведаміць прыемнасць, зрабіла паўзу, углядаючыся, з якой увагай чакаюць сваты. — Уладзімір. Па дзеду. Каб быў — як дзед.
Уладзімір Паўлавіч здзівіўся, што яго гэта расчуліла i збянтэжыла.
— Ну, дзед Амерыкі не адкрыў. Можа, хіба свой раён закрыць.
— Закрыць? — у дзвярах з’явілася Ірына, трымаючы на выцягнутых руках спавітую ляльку. Бледнасць на твары яе трымалася, пэўна, яшчэ ад родаў. A Уладзіміру Паўлавічу здалося, што яна пабляднела ад яго слоў пра раён. Супакоіў:
— Ды не, ніхто яго не закрые, дачка, — i да жонкі: — Прымай, бабуля, скарб.
Вольга Андрэеўна ўмела ўзяла дзіця, пацалавала ў шапачку, прыціснула лялечку да шчакі сваёй. З вачэй яе капнулі на блакітную коўдрачку буйныя, як боб, слёзы.
— А Глеб не бачыў…
— Пабачыць, мама, пабачыць, — упэўнена i бадзёра адказала Ірына, забіраючы малога. Свёкру не перадала, ды ён напэўна i пабаяўся б узяць. Дзіця перахапіла Марыя Пятроўна i панесла ў спальню.
Знаёмства з новым чалавекам скончылася. Наступіла чарга ўручэння падарункаў.
Футра Ірыне паднёс сам Уладзімір Паўлавіч. Распакавалі ў задняй палавіне хаты. Унёс на растапыраных руках, як добры кравец, i артыстычна, быццам усё жыццё апранаў жанчын ў футры, накінуў яе на плечы нявесткі.
Ірына бадай жа спалохалася.
— Мне?
— Табе, табе, Ірачка, — Вольга Андрэеўна заваліла стол падарункамі народжанаму, свацці, Лізіным сіроткам, добра, што дзяцей не было дома, а так напэўна б не абышлося без слёз.
— Мама! Мне! — ужо зусім па-жаночы радавалася Ірына. — Ой, дзякую, мама, Уладзімір Паўлавіч… Такую i не кожная міністэрша мае.
Знікла ў спальні, скінула там халат, надзела спадніцу, кофтачку, абула чаравікі на высокіх абцасах i выйшла хадою манекеншчыцы з салона мод. Тэат ральна абышла вакол стала, як бы пытаючыся: «Ну, як я?» Жанчына ёсць жанчына! A ў Ірыны занадта было трывогі, каб дазволіць сабе радасць хоць на міг.
Марыя Пятроўна пляснула ў далоні.
— Дачушка ты мая!
Зноў праслязілася Вольга Андрэеўна, ажно муж у думках асудзіў яе:
«Здае мая Вольга — плаксай робіцца».
Сам ён па-мужчынску залюбаваўся нявесткай: «Харошанькая маладзічка! А як яшчэ пахарашэе, калі ачуняе пасля родаў». Але адначасова адчуў i трывогу, боль, своеасаблівую рэўнасць — за сына. Ці прынясе прыгажосць, вось такія жаночыя жэсты, што могуць зачараваць любога мужчыну, радасць хвораму Глебу? Узнікае рэўнасць, няхай i беспадстаўная, i атруціць хлопцу жыццё; нукліды падазронасці, рэўнасці страшнейшыя за нукліды ёду i цэзію. I сам на сябе ўзлаваўся, што клюнуў на жаданне жонкі зрабіць такі дарагі падарунак, што ганарыста цешыцца ім i ўвогуле займаецца не мужчынскай справай — разбірае з бабамі анучы.
— Ну, ты, жонка, тут цешся ўнукам. А я паеду Івана знайду. Дзе яго шукаць?
Пустахода знайшоў лёгка — ферма здалёк відаць. На самой ферме ўжо прыйшлося спытаць, дзе загадчык. Паказалі беспамылкова: у аддзяленні племянных кароў «галандак».
Іван, яшчэ больш схудалы, нядобра згорблены, але чыста паголены, у бялюткім халаце — як стары прафесар. Узрадаваўся прыезду свата. Але ж першае пытанне:
— Ірыначку бачыў?
— I ўнука бачыў.
— Як яна перадрыжала, небарака, i мы ўсе разам з ёй. У Томачкі ажно тэмпература падскочыла, калі цётку павезлі ў раддом. Якое яно народзіцца, дзіцятка? У цябе не з’яўлялася жаданне маліцца? А мне захацелася… Мы з Машай ў прыёмным пакоі да поўначы сядзелі. Нас выганялі. I раптам выйшла пажылая сястра. «Пустаходы? Унук у вас. Харошанькі хлопчык. Чатыры дзвесце. Можаце ехаць дадому…» Ты знаеш, колькі сваіх нарадзілася… шасцёра! Ніколі не перажываў такога. Маша плакала ад радасці. Во як яно бывае, Валодзя!
«Радуйся, Іван. Пра словы Волкава я табе не скажу. Пайшоў ён к чорту, генерал. Калі яму паверыць — жыць не трэба…»
Іван Іванавіч вадзіў госця па кароўніку, не без гонару паказваў багацце племяннога саўгаса.
— Мы з Віктарам хацелі цёлак у арэнду ўзяць… гэтых, племянных… Ды Маша паглядзела, замахала рукамі: не, не, не выцягнеце вы без Лізачкі. Так яна i жыве з намі — суддзёй усяму, што робім. Сіроткам сваім прыклад, — i спыніўся, высока ўзняў галаву, глянуў свату ў вочы. — Валодзя! Вернемся мы да… яе магілы?
— Да магілы, Іван, можна вярнуцца. Да жыцця нельга! Дзецям яе! Нельга, Іван!
— Ніколі?
— Ды яны, калі вырастуць, вывучацца, — самі не захочуць.
— Ды я не пра ix. Пра сябе.
— Не спяшайся, Іван. Не спяшайся.
— Ды ты хоць на дзе ю дай.
— Я не бог, Іван. Нават не акадэмік-атамнік.
— Сам ты не тамашні, a нікуды не выязджаеш.
— I не выеду. Мне можна. Трэба. З людзьмі трэба быць. Выедуць людзі — выеду i я. А табе нельга. У цябе — дзеці. Лізіны.
— Бачыў такі халадзільнік? Шведскі,— нечакана крута павярнуў Пустаход размову на гаспадарку.
Sez Belarus ädäbiyättän 1 tekst ukıdıgız.
Çirattagı - Злая зорка - 21
  • Büleklär
  • Злая зорка - 01
    Süzlärneñ gomumi sanı 4306
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2100
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 02
    Süzlärneñ gomumi sanı 4261
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2021
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 03
    Süzlärneñ gomumi sanı 4338
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2109
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 04
    Süzlärneñ gomumi sanı 4243
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2018
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 05
    Süzlärneñ gomumi sanı 4291
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2137
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 06
    Süzlärneñ gomumi sanı 4162
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2023
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 07
    Süzlärneñ gomumi sanı 4237
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2074
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 08
    Süzlärneñ gomumi sanı 4117
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2072
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 09
    Süzlärneñ gomumi sanı 4213
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2022
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 10
    Süzlärneñ gomumi sanı 4213
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2087
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 11
    Süzlärneñ gomumi sanı 4205
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2059
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 12
    Süzlärneñ gomumi sanı 4391
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2098
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 13
    Süzlärneñ gomumi sanı 4271
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2086
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 14
    Süzlärneñ gomumi sanı 4340
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2150
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 15
    Süzlärneñ gomumi sanı 4158
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2173
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 16
    Süzlärneñ gomumi sanı 4241
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2077
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 17
    Süzlärneñ gomumi sanı 4287
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2146
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 18
    Süzlärneñ gomumi sanı 4413
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2065
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 19
    Süzlärneñ gomumi sanı 4445
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2111
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 20
    Süzlärneñ gomumi sanı 4263
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2069
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 21
    Süzlärneñ gomumi sanı 4216
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2112
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 22
    Süzlärneñ gomumi sanı 4440
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2203
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 23
    Süzlärneñ gomumi sanı 4216
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2151
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
  • Злая зорка - 24
    Süzlärneñ gomumi sanı 975
    Unikal süzlärneñ gomumi sanı 639
    0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
    Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.