Latin

Беларуская літаратура - вучэбны дапаможнік для 8 класа - 07

Total number of words is 4052
Total number of unique words is 1937
0.0 of words are in the 2000 most common words
0.0 of words are in the 5000 most common words
0.0 of words are in the 8000 most common words
Each bar represents the percentage of words per 1000 most common words.
7. Разгледзьце на форзацы 1 ілюстрацыю Міхася Басалыгі да верша
Янкі Купалы «Спадчына». Якія агульныя вобразы і якія адрозненні
вы заўважылі ў творах паэта і мастака? Які вобраз на пярэднім
плане ў карціне М. Басалыгі, што хацеў сказаць гэтым аўтар? У па­
пярэдніх класах вы знаёміліся з маляўнічымі беларускімі пейзажамі
М. Савіцкага, П. Да­нелія, П. Масленнікава і інш. Чым адрозніваецца
ад іх твор М. Ба­салыгі, выкананы ў тэхніцы графікі?

Лірычны герой
Лірыка, у адрозненне ад эпасу, не малюе канкрэтныя
жыц­­цёвыя сітуацыі і вобразы-персанажы. Яна стварае воб­
раз лірычнага героя. У гэтым вобразе перададзены найперш
думкі і пачуцці, настрой і перажыванні паэта, яго характар.
Аднак, хоць у лірычных творах аўтар часцей за ўсё гаворыць
ад свайго імя, знак роўнасці паміж паэтам і лірычным героем

ставіць нельга. Лірычны герой — абагульнены вобраз, які
ўзнікае ў думках чытача пасля прачытання верша і аб’яд­ноў­
вае ў сабе рысы, уласцівыя многім людзям, пачуцці, знаё­мыя
ўсім. Менавіта таму мы так лёгка знаходзім у лірычным тво­
ры настрой, адчуванні, сугучныя з нашымі.
Так, лірычны герой верша «Спадчына» — патрыёт, лёс
яко­га непарыўна звязаны з лёсам Радзімы. Ён шчыра любіць
свой край і трывожыцца за яго будучыню. Менавіта такім
уяўляецца і сам аўтар верша — Янка Купала. Разам з тым
па­чуцці, выказаныя ў вершы, блізкія і зразумелыя кожнаму
беларусу.
Максім Багдановіч
СЛУЦКІЯ ТКАЧЫХІ
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
I думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора...
I тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора
Цвяток радзімы васілька.
1. Уважліва разгледзьце фотаздымкі слуцкіх паясоў (гл. уклейку). Якія
вобразы беларускай прыроды вы заўважылі ў прыгожым арнаменце?
Якія колеры пераважаюць у слуцкіх паясах?


2. Верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» расказвае пра далё­кае
XVIII стагоддзе, калі на Беларусі ў майстэрнях-«персіярнях» выраб­
ляліся слуцкія паясы, якія сталі шырока вядомымі ў свеце. Чаму, на
вашу думку, паэт звярнуўся да гэтай тэмы?
3. Прачытайце верш і паназірайце, як мяняецца яго настрой.
4. Намалюйце словамі той светлы малюнак роднай прыроды, які мы
разам з паднявольнымі жанчынамі нібы бачым з акна чужога дома.
Чаму ў гэтым малюнку столькі прывабнасці? Якія эпітэты, параўнанні
і метафары дапамаглі вам уявіць карціну? Запішыце іх у сшытак і
растлумачце ролю гэтых мастацкіх сродкаў у творы.
5. Якія вобразы супастаўляюцца ў вершы? Прачытайце ў слоўніку
лі­та­ратуразнаўчых тэрмінаў, што такое антытэза. Растлумачце, як
выкарыстоўваецца прыём антытэзы ў вершы «Слуцкія ткачыхі».
6. У вершы паэт разважае не толькі пра несправядлівасць у грамадстве,
але і пра сутнасць мастацтва, сапраўдную прыгажосць. Як даводзіць
паэт думку пра нацыянальную адметнасць мастацтва? Ці заўсёды
мы ўмеем цаніць сваё, роднае?
7. Верш «Слуцкія ткачыхі» стаў народнай песняй, на яго словы пісалі
му­зыку і кампазітары. Як вы думаеце, чаму?

Пра верш «Слуцкія ткачыхі»
Верш М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» выразна дзе­
ліц­ца на дзве супрацьпастаўленыя часткі і своеасаблівае
па­дагульненне, вывад.
З першых слоў непрымірыма сутыкнулася ў творы род­
нае, сваё, з чужым, панскім.
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы...

Чуеш жывы боль развітання ў гэтым звароце яшчэ і яшчэ раз
да слова «родны», што бязлітасна змяняецца на «панскі»...
Размежаванне «роднага» і «чужога» арганізуе ўсю будову,
рыт­­мічную аснову твора. А наступныя радкі адкрыта пачы­
наюць выказваць варожасць паміж «панскім дваром» і «род­
най хатай»:
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.


Тут ужо гучыць думка пра прымус, тым больш што слова
«ўзяты» інтанацыйна ўзмацняецца як канцавое слова радка:
у ім выразна відаць яго «залежны» стан, у ім жыве сваімі
супярэчнасцямі рэальны свет — той, дзе высокае мастацтва
здабываецца так не па-чалавечы, гвалтам, прымусам.
I як чыста, вырываючыся сваім «лёгкім» гучаннем ад
іншых, не такіх «галасістых» радкоў, нібы ўспамін аб рыфме
«дзеля красы», гучыць радок:
Ткаць залатыя паясы.

У ім разбягаюцца ўдалеч галосныя а-а-а-ы(й)а-а(й)а-ы,
як песня, як недасяглая мара аб вольным, дзеля сапраўднай
чалавечай красы, мастацтве.
У першай частцы верша перамагае «чужая» тэма. Яна
праходзіць, адольваючы ўсё, што звязвае з родным, нават
дзявочыя сны. I як вынік гэтага — першая частка за­кан­ч­
ваецца такімі радкамі:
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны, —

дзе ў цэнтры ўвагі персідскі ўзор. Другая частка верша
звяз­ваецца з папярэдняй праз новую тэму — «А за сцяной
смяецца поле...». Як вольна, як бы выр­ваўшыся з-за сцен
панскага палаца, імкнуць на волю ра­дасныя думкі! I зноў,
як працяг роднай тэмы, ажывае ў думках малюнак прыроды:
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
I думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора...

Гэтыя радкі як бы вымаўлены на адным дыханні. Пад­
тры­маныя парывам захаплення, яны ад перапоўненасці па­
чуцця аж пераплёскваюцца праз край. I як вяршыня тэмы
роднага краю ўзнікае матыў васількоў. Тут бачым наступ


роднай тэмы, якая ўжо зраўнялася ў сваёй моцы з чужой.
Радкі гучаць больш дынамічна, упэўнена, чым у першай
частцы. У іх рытме чуваць хада перамогі.
Прыгожа, раздольна разаслаўся ў марах пейзаж слуцкім
поясам, зайграўшы ўсімі колерамі, прашумеўшы жытам,
абдаў­шы халодным срэбрам ракі, мільгануў зубчастым арна­
мен­там беларускага бору... I пры радках аб хвалях «ліючайся
ракі», здаецца, пояс сам сплывае з рукі.
I вось — як заключны акорд верша — выхапленая з
агуль­нага малюнка рука, якая не здольна на здраду і тчэ,
«за­быўшыся». Цяпер ужо забыўшыся і на забарону роднага,
і сваіх дзявочых сноў — міжвольна і неадольна, бадай, як і
ўсё наша мастацтва, праз нягоды стагоддзяў, — тчэ ўзор свае
Баць­каўшчыны:
Заміж персідскага узора
Цвяток радзімы васілька.

Як перамога, закрасаваў жывы «цвяток радзімы васіль­
ка» над мёртвым персідскім узорам.
Паводле Анатоля Клышкі

У чым сакрэт мастацкай дасканаласці верша М. Багдановіча «Слуцкія
ткачыхі»?

Сімвал
Сімвал (у пер. з грэч. — умоўны знак) — умоўнае абазна­
чэнне з’явы праз прадмет, які нечым яе нагадвае. Так, у
на­родных песнях калінка, рабінка, лілея сімвалізуюць дзя­
во­чае хараство. У многіх паэтычных творах ноч абазначае
гора і няшчасце, а сонца — наадварот, шчасце і дабрабыт. За
сім­валамі значэнне замацоўваецца трывала, паўтараецца ў
многіх творах, таму лёгка пазнаецца і ўспрымаецца.
У вершы «Слуцкія ткачыхі» вобраз васілька — сімвал
Баць­каўшчыны, народнага мастацтва. «Багдановічаўскі
“цвя­ток радзімы васілька” стаў сімвалам нацыянальнай ад­
мет­насці беларускага мастацтва. Гэта сімвал нацыянальны,
які народжаны самой гармоніяй прыроды, “жывой красой”
неба, жытняга поля, ракі, лесу, і ўзнікае ў творы мастацтва

як бы падсвядома, сам па сабе... Ён убачаны нібы ў “яснай
далі”, узбуйнена, святочна, у светлым ззянні і харастве род­
най зямлі» (Тамара Чабан).
1. Чаму васілёк, а не іншая кветка, стаў сімвалам беларускага мас­
тацтва?
2. Прывядзіце прыклады сімвалаў з вядомых вам вершаў, народных
песень і растлумачце, чаму гэтыя вобразы сталі сімвалічнымі.

Уладзімір Караткевіч
БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ
Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць
суровыя вежы
I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія1 плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам,
як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
I бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.
Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку2 носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
Сафі́я — будынак старажытнага сабора ў Полацку.
По́ліўка — суп з якой-небудзь прыправай (мучной, бульбяной,
кру­пяной і г. д.); тут: сродак фізічнага існавання.



А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты — наш край. Ты — чырвоная груша
над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць1,
Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
I апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.
1. У чым адметнасць інтанацыі гэтага верша?
2. Якое пытанне паўтарае паэт? Якія звесткі з гісторыі Беларусі дапа­
магаюць знайсці адказ на гэтае пытанне? Якія прыкметы роднага
краю з’яўляюцца ўстойлівымі сімваламі Радзімы, народнымі свя­
тынямі?
3. Якія эпітэты і параўнанні, ужытыя для характарыстыкі роднай мовы
і песні, дапамагаюць зразумець галоўную думку твора?
4. Паспрабуйце даць адказ на пытанне «Дзе твой край?». Што вы
ведаеце пра тую вёску ці горад, якія лічыце сваёй радзімай?
5. Чаму верш «Беларуская песня» заканчваецца радкамі клятвы род­
наму краю? Прачытайце іх уголас. Як тут выяўляецца грамадзянская
пазіцыя паэта?
6. Вызначце памер верша. Звяртайце ўвагу на радкі, па якіх зрабіць гэта
лягчэй, напрыклад: «I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро».
Як вершаваны памер дапамагае стварыць інтанацыю твора?


Раць — войска; тут: вялікая колькасць.

7. Прачытайце ў Слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў, што такое ода.
Ці можна назваць одай верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская
песня»? Абгрунтуйце сваю думку. Якія яшчэ творы велічнага, узнёс­
лага гучання, у якіх услаўляецца родная зямля, мова, песня, вам
вядомы з папярэдніх класаў або з самастойнага чытацкага вопыту?
8. Падумайце, якія з вобразаў роднага краю, створаных у прачытаных
вамі вершах, найбольш блізкія вам. Выкарыстоўваючы іх, намалюйце
словамі карціну «Мой родны край».
9. Пазнаёмцеся па кнізе «Памяць зямлі беларускай», стваральнікам
якой быў Уладзімір Караткевіч, з архітэктурнымі помнікамі Беларусі.
Архітэктуру называюць «застылай музыкай». Паспрабуйце паразва­
жаць, якая мелодыя гучыць у строгім абрысе Белай вежы, у вытанча­­
ным сілуэце Сафійскага сабора ў Полацку, у класічных мурах Мірска­
га замка (гл. уклейку).

Вучымся выразна чытаць верш
Перад чытаннем верша трэба вызначыць яго ідэю, ас­ноў­­
ную інтанацыю гучання і мэту, якую ставіць перад са­бой
чытальнік.
Ідэя верша «Беларуская песня» — клятва вернасці свайму
краю, асноўная інтанацыя — велічная, уз­­нёс­ла-ўрачыстая.
Мэта чытання — перадаць захапленне прыгажосцю,
слаўнай гісторыяй і народам Беларусі.
Вылу­чаем сэнсавыя часткі твора і складаем партытуру
чытання. У кожнай частцы паэт шукае адказ на пытанне «Дзе
мой край?». Слова «край» выдзяляецца лагічным націскам і
кож­ны раз гучыць з новым падтэкстам. Першая частка дае
адказ на пытанне, расказваючы пра гістарычныя і геагра­
фічныя сімвалы Беларусі. Новыя і сэнсава важныя паняцці,
паў­торы, параўнанні, парушэнне прамога парадку слоў
вы­­­дзя­ляюцца лагічным націскам (падкрэсліваем словы) і
ла­гічнымі паўзамі (ставім у залежнасці ад працягласці паў­
зы значок | або ||).
Калі нечаканы выраз, трапная мета­фара патрабуюць
эмацыянальнага вылучэння, ставім значок псіхалагічнай
паўзы (V). Павышэнне і паніжэнне тону голасу абазначаем
стрэлачкай над словам.


Дзе мой край?| Там,| дзе вечную песню пяе Белавежа,||
Там, дзе Нёман| на захадзе| помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх| дрэмлюць суровыя вежы||
I вішнёвыя хаты| глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць|| ласкава віецца,||
Дзе СафіяV плыве над Дзвіною,| нібы карабель...
Там,| І дзе сэрца маё з першым крокам,| як молат, заб’ецца,|
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,|
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых,| як мора, азёрах,|
I бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.

Асэнсуйце прапанаваную партытуру чытання першай част­кі верша,
падумайце, ці з усім вы згодны, прапануйце свае варыянты, калі
яны ёсць. Зрабіце самастойна партытуру чы­тання наступных частак
твора і падрыхтуйце дома выраз­нае чытанне верша.

*Шандар Пецёфі1
(1823—1849)
Венгерскі паэт, рэвалюцыйны дэмакрат, аўтар лірычных
вершаў, паэм, публіцыстыкі.
ПАТРЫЯТЫЧНАЯ ПЕСНЯ
Я сэрцам і душою твой,
Мая краіна!
Бо прысягнуў табе адной
Любоўю сына.
Мая душа — прасветлы храм,
Яснота неба.
Я за цябе яе аддам,
* Тут і далей зорачкай пазначаны творы, рэкамендаваныя пра­
грамай для чытання і абмеркавання.


А калі трэба,
Няхай з грудзей юначых кроў
Струменем хлыне,
Каб шчасце вечнае было
Маёй Айчыне.
Я назаўсёды прысягаў
Высокай мэце,
Бо толькі ты адна ў мяне
На гэтым свеце.
Я друг і следам за табой
Усюды крочу,
Не так, як цень, а ў ясны дзень
І цёмнай ноччу.
І ўжо калі гусцее змрок
І дзень канае,
Расце ў душы мой горкі сум,
Любімы краю.
Я да тваіх іду сыноў,
І песняй роднай
Мы молімся, каб ты заўжды
Была свабоднай.
Пераклад М. Хведаровіча

1. Верш выдатнага венгерскага паэта Шандара Пецёфі «Патрыятычная
песня» напісаны ў далёкім ХІХ стагоддзі, калі яго народ змагаўся за
незалежнасць ад Аўстрыйскай імперыі. Растлумачце, чаму твор так
названы, якую галоўную думку ён сцвярджае.
2. Як звязаны з назвай твора яго інтанацыя, лёгкае, напеўнае гучанне?
3. Што аб’ядноўвае і што розніць вершы Шандара Пецёфі «Патрыя­
тыч­ная пес­ня» і Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня»? Чаму
ў Ула­дзіміра Караткевіча пес­ня менавіта беларуская?


«ПАЗНАЦЬ, ЗНАЙСЦІ СЯБЕ
Ў БЯЗМЕЖНЫМ»

ФІЛАСОФСКАЯ ЛІРЫКА
Максім Танк
ШЧАСЦЕ
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... I так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?
1. Вы не раз чулі, як людзі жадаюць адзін аднаму шчасця. А ці за­
думваліся, што такое шчасце?
Падбярыце сінонімы да гэтага слова.
2. Раскрыйце сэнс паэтычных вобразаў, з якіх Максім Танк «складае»
чалавечае шчасце.
Чаму менавіта гэтыя паняцці найперш вылучае паэт?
3. Чаму пасля слоў «З песні...» стаіць шматкроп’е? З чаго яшчэ, на
вашу думку, складаецца «простае шчасце людское»?
4. Вызначце вершаваны памер твора, адкажыце, як рытм звязаны з
апавядальнай інтанацыяй верша.
5. Як трэба чытаць гэты верш: гучна і пафасна ці ўдумліва і разважліва?
Падрыхтуйцеся да выразнага чытання твора.


*Сяргей Грахоўскі
***
Чалавеку патрэбна не слава,
А людская увага і ласка,
I сардэчнае шчырае слова,
I вясёлая добрая казка.
Чалавеку патрэбна усмешка
Незнаёмых вачэй і знаёмых,
Каб дажджамі размытая сцежка
Стала лёгкай на кручах1 і стромах2.
Чалавеку не трэба спагады, —
Дабрата чалавеку патрэбна,
Каб, мінаючы прорвы і спады,
Узбірацца на стромкія грэбні,
Каб сяброў сустракаў клапатлівых
На дарогах, далёкіх ад дому,
I каб сам быў заўсёды шчаслівы,
Калі шчасце прыносіш другому.
1. З якіх дэталяў, своеасаблівых «мікравобразаў», ствараецца ў вершы
метафара жыццёвага лёсу чалавека?
2. Што патрэбна чалавеку, каб яго шлях быў больш светлым і радас­
ным?
3. У чым, на думку лірычнага героя, сэнс чалавечага жыцця? Адкажыце
радкамі верша.
4. Вершы Максіма Танка «Шчасце» і Сяргея Грахоўскага «Чалавеку
па­трэбна не слава...» з’яўляюцца роздумам аб сэнсе чалавечага
жыцця, прызначэнні чалавека. Пакажыце, што ў гэтых творах думка
зліта з пачуццём (звяртайце ўвагу на эпітэты «сардэчнае шчырае»,
«вясёлая добрая» і г. д.).
5. Што збліжае і што адрознівае лірычных герояў верша Сяргея Гра­
хоўскага «Чалавеку патрэбна не слава...» і Максіма Танка «Шчасце»?

Кру́ча — крутое месца, круты бераг, спуск.
Стро́ма — круты схіл, абрыў.


*Васіль Зуёнак
***
Дала прырода мне ваду і цвердзь,
Дала агонь, каб не блукаў я слепа,
Дала жыццё, а з ім дала і смерць...
Дала зямлю — а я глядзеў у неба...
А каб агонь свяшчэнны не патух,
Каб зноў не захлынуўся чорнай багнай,
Дала прырода мне высокі дух.
А я ствараў багоў — я неба прагнуў...
Я шмат чаго тады не разумеў,
Я і цяпер, бадай, не разумею.
Я іх ствараў, і з імі я старэў.
Як і цяпер ствараю і старэю.
Усё, што сёння ісцінай слыло,
Назаўтра толькі рэхам адгукнецца.
І сіняй птушкі сіняе крыло
Кавалкам неба ў сэрцы разаб’ецца.
Загадкі непазнаных берагоў...
Адказ — адна ў мяне самаахова.
Адказу не было — ствараў багоў,
Каб потым іх забыць і ўславіць новых.
Бог — невядомасць. Вечны вораг мой.
Яго ствараю і яго звяргаю.
Бясконцы з ім і ўсеадольны бой.
Яго кляну, яму ж і прысягаю.
Быў атам — «непадзельны» — атам-бог.
Цяпер — цяпер ажно дыханне зойме,
Калі ступаю праз яго парог —
Галактыку адкрыць у пі-мезоне1.


Пі-мезо́н — элементарная часціца (фіз.).

Якое неба заўтра засялю?
З якіх арбіт пабачацца мне цуды?
Не ведаю. Адно скажу: зямлю —
Вось гэту, грэшную, ніколі не забуду.
Як ёсць яна — я сэнс вышынь лаўлю.
Ствараю неба — сонечны паганец1.
А дайце неба — я ствару зямлю,
І пойдзе ўсё зваротнымі кругамі.
1. Як у творы асэнсоўваецца стваральная сіла чалавечага розуму?
2. Выраз «сонечны паганец» вяртае нас да старадаўніх, дахрысціянскіх
вераванняў нашых продкаў. Чаму, на вашу думку, лірычны герой так
сябе называе?
3. Якія навуковыя тэрміны ўжыты ў творы? З якой мэтай?

*Леанід Дайнека
За крокам крок. І дзень за днём.
Усход жыцця. Жыцця змярканне.
Нас паліць стоеным агнём
Вялікай страты прадчуванне.
Дзе той парог апошні, дзе?
Чаму мацнее сум у сэрцы?
Жывем каля магіл людзей
І вечна марым аб бяссмерці.
1. Які радок верша перадае хуткаплыннасць чалавечага жыцця? Рас­
тлумачце сэнс ужытай у ім метафары.
2. Да каго звернуты пытанні, якія ёсць у творы? З якой мэтай аўтар
ужывае такі прыём?
3. Чаму чалавек павінен задумвацца аб тым, як хутка бяжыць час?

Сонечны пага́нец — тут: прыхільнік язычніцкіх вераванняў, аду­
хаўлення прыроды.


Анатоль Вярцінскі
***
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Каб светла-залатую яго ніць
віць і далей — любоўю, справай дзейнай
ды словам, што ад справы неаддзелена.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,
высакародным, дружным намаганнем,
што потым зоркай у вяках гарыць.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Маральны самы, самы натуральны
пачатак гэты вось жыццестваральны.
Інакш — якая ад жыцця карысць?
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —
Тварыць!
1. Чаму лірычны герой верша надае такое значэнне стваральнаму
па­чатку? Паразважайце, ці заўсёды людзі прытрымліваюцца такой
жыццёвай пазіцыі.
2. Чаму непарыўная ніць жыцця ўяўляецца паэту менавіта светла-за­
латой?
3. Гэты верш з’яўляецца глыбокім роздумам аб прызначэнні чалавека
на зямлі і адначасова заклікам да людзей жыць актыўна і асэнсавана.
Якое значэнне ў творы мае рытарычнае пытанне «інакш — якая ад
жыцця карысць?»
4. Якую ролю ў вершы адыгрывае паўтор аднаго і таго ж слова-сказа
ў канцы кожнай страфы? Чаму гэты сказ ужываецца з клічнай інта­
нацыяй?
5. Пазнаёміўшыся з вершамі-разважаннямі, паспрабуйце і самі на нейкі
час стаць філосафамі. Дапішыце адным радком-падагульненнем
верш Максіма Танка:

Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
I воды,
I медныя трубы:
— Што самае цяжкое
На гэтым свеце?
I ён адказаў:
— ...
Параўнайце свае варыянты з вершам Максіма Танка, змешчаным у
дадатку на с. 347, і паразважайце, чаму паэт даў менавіта такі адказ.

«ТЫ МНЕ ВЯСНОЮ ПРЫСНІЛАСЯ...»

ІНТЫМНАЯ ЛІРЫКА
Максім Багдановіч
РАМАНС
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.


Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
1. Зорку Венеру, якая носіць імя грэчаскай багіні хараства, беларусы
завуць яшчэ і Мілавіцай. Што сімвалізуе сабой гэта зорка? Чаму яе
ўзыход звязваецца з успамінамі пра каханне?
2. Якое значэнне мае эпітэт у выразе «светлыя згадкі»? Прасачыце яго
сувязь з агульным уражаннем ад верша.
3. Як адносіны да каханай дзяўчыны характарызуюць лірычнага героя
верша?
4. У гэтым на дзіва светлым і даверлівым вершы гу­чыць шкадаванне
з-за расстання з каханай, аднак галоўная думка апты­містычная і
жыццесцвярджальная. Паспрабуйце яе сфар­му­ляваць, выкары­с­
тоўваючы радкі з твора.
5. Якія радкі паўтараюцца ў вершы? З якой, на вашу думку, мэтай? Якімі
яшчэ сродкамі ствараецца напеўнае, меладычнае гучанне твора?
6. Вызначце памер верша. Паразважайце, як звязаны ён са зместам
твора (звярніце ўвагу, што вершы, напісаныя трохскладовымі паме­
рамі, гучаць звычайна больш спакойна, павольна).
7. Праслухайце раманс «Зорка Венера» (музыка С. Рак-Міхайлоўскага)
і скажыце, як адпавядае яго мелодыя зместу і інтанацыі верша
Максіма Багдановіча.
8. Прачытайце ў Слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў, што азначае
слова «раманс» і зрабіце вывад аб тым, ці з’яўляецца верш М. Ба­
г­да­новіча класічным рамансам.

Аркадзь Куляшоў
БЫВАЙ...
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай...

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
1. Верш «Бывай» Аркадзь Куляшоў напісаў, калі яму было чатырнац­
цаць гадоў, а потым на працягу ўсяго жыцця вяртаўся да твора,
да­працоўваючы і ўдасканальваючы яго. Як разумееце вы пачуцці
лірычнага героя верша? Якімі словамі яны падкрэслены?
2. Як адпавядаюць малюнкі прыроды душэўнаму стану чалавека?
3. Імя дзяўчыны, як самотны ўздых, вырываецца з грудзей лірычнага
героя толькі ў самым канцы верша. Якімі ж эпітэтамі называе
каханую паэт? Якой яна вам уяўляецца?
4. Праслухайце песню «Алеся» (музыка Ігара Лучанка) у выкананні
ансамбля «Песняры». Якіх радкоў няма ў песні? Падбярыце эпітэты,
якімі можна характарызаваць мелодыю песні.
5. Прачытайце ў Слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў, што такое элегія,
і дакажыце, што верш «Бывай...» можна назваць элегіяй.
6. Ці ведаеце вы музычныя творы, якія маюць назву «элегія»? Што
аб’яд­ноўвае гэтыя жанры ў музыцы і ў паэзіі?

*Сяргей Грахоўскі
***
Як я жыў без цябе?
І не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А ў нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,


За паўкроку адно
Аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
І не знаў бы,
За страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца ў пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе
Пад Палярнаю зоркай
Сустрэць,
І пазнаць,
І адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
У зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
І паверыць, што прыйдзе
І збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць
Таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляжу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?

1. Чаму лірычны герой паўтарае адно і тое ж пытанне, якім верш і
па­чынаецца, і заканчваецца? Што падкрэслівае такая кальцавая
кампазіцыя твора?
2. Прачытайце радкі верша, у якіх сцвярджаецца думка, што каханне
робіць чалавека лепшым.
3. Якія вобразы сведчаць аб тым, што верш напісаны ад імя немаладога
чалавека? Ці захаваў ён адчуванне непаўторнага цуду кахання?
4. З якога параўнання ўзнікла метафара «завіруха завеяла скроні»?
З якой мэтай яна ўжыта ў творы?

*Міхась Шушкевіч
ТЫ МНЕ ВЯСНОЮ ПРЫСНІЛАСЯ
Летняя ночка купальная
Яснай растаяла знічкаю.
Падаюць зоры світальныя
Ў чыстыя воды крынічныя.
Ой ты, дзяўчыначка мілая,
Як жа ты свет упрыгожыла.
Ластаўка ты легкакрылая,
Светлы мой сон растрывожыла.
Ты мне вясною прыснілася
Неразгаданымі чарамі,
Сэрца парыўна забілася
Вольнымі крыламі-марамі.
Пэўна, цябе, ненаглядная,
Стрэў я часінай удалаю.
Ты мая доля спагадная,
I не шкадую німала я.
1. Аўтар верша, які вы прачыталі, не займаўся спецыяльна літаратурнай
творчасцю. Па яго прызнанні, гэты верш быў напісаны пад уражаннем
першага спаткання з каханай дзяўчынай. Якім настроем прасякнуты
твор?
2. Як ствараецца ў вершы адчуванне чысціні, прыгажосці, музыкі?
3. Падбярыце адно, але самае змястоўнае і пяшчотнае слова, якое
магло б стаць назвай гэтага верша.
4. Праслухайце песню (музыка Ю. Семянякі) на верш Міхася Шушкевіча
«Ты мне вясною прыснілася», вызначце адметнасць яе інтанацыі.


Інверсія
Каб падкрэсліць сэнсава важнае слова, паэт часта ад­сту­пае
ад звычайнага, прамога парадку слоў у сказе. Так, ён гаворыць:
«Ой ты, дзяўчыначка мілая...», хоць пры агуль­напрынятым
парадку слоў трэба было б сказаць «мі­лая дзяўчыначка». Эпітэт
«мілая» тут вылучаецца інта­нацыяй. Аўтар нібы замірае,
запавольвае дыханне перад гэтым словам, якое нельга вымавіць
адразу. Слова, якое ста­іць не на прывычным месцы, заўсёды
выдзяляецца паў­зай (напрыклад, дзеяслоў з метафарыч­
ным значэннем «упрыгожыла» ў наступным радку). Нельга,
не­магчыма адна­віць прамы парадак слоў у вершы Міхася
Шу­­шкевіча — тады знікла б паэзія. Незвычайны парадак
слоў у сказе, які дапамагае зразумець ідэю твора і стварае
своеасаблівы ўсхваляваны настрой, называецца інверсіяй
(ад лац. — перастаноўка).
Прывядзіце прыклады інверсіі з прачытаных вамі раней вершаў і
растлумачце яе ролю ў творы.

«З ПРЫРОДАЙ ЗЛІЎШЫСЯ ДУШОЙ...»

ПЕЙЗАЖНАЯ ЛІРЫКА
Якуб Колас
(Урывак з паэмы «Сымон-музыка»)

***
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў1 безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
You have read 1 text from Belarusian literature.
Next - Беларуская літаратура - вучэбны дапаможнік для 8 класа - 08