Latin

Беларуская літаратура - вучэбны дапаможнік для 8 класа - 06

Total number of words is 4240
Total number of unique words is 1866
0.0 of words are in the 2000 most common words
0.0 of words are in the 5000 most common words
0.0 of words are in the 8000 most common words
Each bar represents the percentage of words per 1000 most common words.
Юля. А што ты робіш?
Лена. Зайздрошчу. Хто выйграў?
Юля. Я.
Лена. Дзіцёнка пакрыўдзіла. Марш у сёмы кабінет! Бе­
гаць за табой яшчэ трэба! Хуценька! Апаратура перагрэлася!
Юля. Бягу, бягу!
Выходзіць. З’яўляецца Каралёў.

Лена. Ігар Міхайлавіч! Якім ветрам?
Каралёў. У вашай клініцы гэтага... аддзялення няма?
Лена. Якога аддзялення?
Каралёў. Ну гэтага... дзе прыдуркаў лечаць.
Лена. Не-е, гэта ж за горадам... У нас толькі неўралогія.
А што вы захварэлі?
Каралёў. Я нарадзіўся хворым.
Лена. Тады ўсё о’кэй. Вы ведаеце, калі чалавек пачынае
выздараўліваць?
Каралёў. Ну?
Лена. З таго самага моманту, калі скажа сам сабе, што
ён хворы.
Каралёў. А калі чалавек разумнець пачынае па тваёй
ло­гіцы? З таго самага моманту, калі прызнае сам сябе крэ­
цінам?


Лена (смяецца). Мабыць, так.
Каралёў (не смяецца). Я — крэцін.
Лена. З выздараўленнем вас, Ігар Міхайлавіч!
Каралёў. Называй мяне проста Кім...
Лена. Чаму Кім?
Каралёў. Ведаеш, што такое абрэвіятура?
Лена. Не.
Каралёў. Двоечніца. Загалоўныя літары, якімі нешта
ці нехта называецца. СССР, КПСС, НКВД, ОПРЭСЭТЭ...
ЁКАЛЭМЭНЭ...
Лена. А гэта што такое?
Каралёў. Не ведаю. I ведаеш, усё, што называецца
аб­рэвіятурай, надзвычай нетрывалае. Усё распадаецца...
I я распадаюся...
Лена. А чаму вы Кім?
Каралёў. Маё прозвішча Каралёў, завуць Ігар Міхай­
лавіч.
Лена. А-а-а...
Каралёў. Што тут смешнага?
Лена. У мяне ёсць знаёмы Кім.
Каралёў. Гэта міліцыянер твой?
Лена. Не-е, у яго іншая абрэвіятура (і раптам пачынае
істэрычна рагатаць). Ой, не магу!
Каралёў. Чаго гэта цябе разабрала?
Лена (рагоча). Не магу...
Каралёў (пахмурна). Хопіць рагатаць!
Лена. Чаго гэта вы?
Каралёў. Не магу без злосці глядзець на тых, хто
смяецца!
Лена. Я вас слухаю. Зноў аналіз крыві трэба зрабіць?
Каралёў. Я і без аналізу ведаю: кроў мая сапсаваная
ўшчэнт...
Лена. Што за песімізм!
Каралёў. Значыць так: у вобмарак не падаць і ніякіх
пытанняў не задаваць. О’кэй?
Лена. Ес, сэр!
Каралёў дастае з кішэні пачкі грошай... Адну, другую, трэцюю... Пяць.

Каралёў. Пяцьдзясят тысяч. Тут у вас лечыцца...

Лена. Божа...
Каралёў. Ты абяцала ў вобмарак не падаць!
Лена (заплакала). Ігар Міхайлавіч, мілы... Вы ведаеце...
Каралёў. Ведаю! Вось перадай ёй запіску... Толькі
сама не чытай...
Лена. Ды за каго вы мяне...
Каралёў. Усё! Ніякіх пытанняў. Ты абяцала.
Лена. Можна я вас пацалую?
Каралёў. Не хачу.
Лена. Чаму?
Каралёў. Ты з міліцыянерамі цалуешся.
Выходзіць.

Лена (перакладае пачкі, потым закрывае іх газетай
і шэпча, прыціскаючы запіску да грудзей). Госпадзі, Святы
Божа! У першы раз звяртаюся да цябе... Дзякуй Табе, дзякуй
Табе... дзякуй.
З’яўляецца Кім.

Кім. Ба-а! Грэшніца ўзносіць малітвы... Чароўная Але­
на, праз якую грэкі разбабахалі Трою, зрабілася Марыяй
Маг­далінай!
Лена (кідаецца да хлопчыка і пачынае яго цалаваць).
Кім! Кім! Кім!
Кім (вырываецца). Вашы «деяния», сястра, падпадаюць
пад крымінальны кодэкс! Гвалтоўная спроба, спакушэнне
непаўналетняга. Стацця саракавая, пункт трэці, абзац другі.
Ад двух да сямі з канфіскацыяй маёмасці.
Лена. А маёмасць за што?
Кім. Каб не было дзе спакушаць іншых. Што гэта з вамі?
Міліцыянеру генерала далі?
Лена. Не-е, на канфіскацыю маёмасці за такое брыдкае
качаня, як ты, я не згодная.
Кім. А што ў вас можна канфіскаваць? Уся маёмасць —
адзін халат.
Лена (гулліва). Ты ўпэўнены?
Кім. Ды й халат казённы...
Лена. Значыць так: у вобмарак не падаць і з глузду не
з’язджаць. Дамовіліся?


Кім. Зараз ты скажаш, што ў цябе закахаўся прынц
Самшытавых астравоў...
Лена. Але-е оп! (Рэзка адхінае газету.) Толькі спа­
койна.
Кім (глядзіць на грошы і пасля паўзы). Міліцыя нуль
адзін ці нуль тры?
Лена. Нуль два.
Кім. Званю. Я тваім падзельнікам быць не збіраюся...
Тут не ад двух да сямі... Гэта пажыццёвая катарга...
Лена. Грошы, Кім, абсалютна чыстыя. Іх перадалі на
яе лячэнне. Прынёс адзін чалавек.
Кім. А ты не здагадалася папытацца ў яго даведкі?
Лена. Якой даведкі?
Кім. З псіхбальніцы.
Лена. А ў цябе хіба пыталіся даведку, калі ты хадзіў па
багатых дамах і выдаваў сябе за сына, выпрошваючы грошы
на яе лячэнне? Ды там і даведкі пытацца не трэба было, і так
ясна, што... (Круціць каля скроні.)
Кім. Адкуль ты ведаеш?
Лена. Юля сказала... Толькі прасіла, каб я табе нічога
не гаварыла... Я слова ёй дала.
Кім. Ты сваё слова стрымала.
Лена. Ладна, гэта я ад радасці... Можа менавіта ты і
зрабіў гэта. Клянуся, я не верыла, што можна знайсці такія
грошы. I Юля не верыла. Толькі ты верыў.
Кім. Ты пералічыла іх?
Лена. Што тут лічыць? У пачцы сто штук па сто. Дзе­
сяць тысяч.
Кім. I колькі пачак?
Лена. Ты што да пяці лічыць не ўмееш?
Кім. Не трэба ёй пра гэта гаварыць.
Лена. Згодная.
Кім. Толькі на гэты раз дай слова і завяжы свой язык
марскім вузлом.
Лена. Магіла, Кім...
Кім. Скажы яшчэ век свабоды не відаць... Што ў цябе за
лексікон? Во што значыць з міліцыянерамі якшацца.
Лена. Заткніся, ты!!!
Кім. Ціха! Яна ідзе...
З’яўляецца Юля.


Юля. Хлопчыкі-дзевачкі, я як новенькая. Прывітанне,
Кім! (Цалуе Кіма.) А што гэта з вамі?
Кім. А што?
Лена. Што?
Юля. Нейкія вы напружаныя...
Лена. Гэта табе здаецца.
Кім. Нічога не здаецца. Юля, я зрабіў Лене прапанову.
Юля. Якую?
Кім. Праз пятнаццаць гадоў выйсці за мяне замуж. Яна
думае...
Лена. От, балда!
Юля. Няўжо не згодная?
Лена. Не!
Кім. Слава Богу! Ты ж праз пятнаццаць гадоў старая
будзеш. Як гэта я пра гэта не падумаў.
Лена. Слухай, Юля, калі б я жыла, як ты, з такім
бал­бесам пад адным дахам, клянуся, я б даўным даўно яго
атруціла чым-небудзь...
Кім. I гэта кажа медык... Прадстаўнік самай гуманнай
прафесіі. Бедныя хворыя!
Лена. Табе пошта. Танцуй.
Юля. Якая пошта?
Лена. Пісьмо.
Юля. Ад каго?
Лена. Спадзяюся, што ён падпісаўся.
Падае Юлі пісьмо. Юля расканвертоўвае і чытае. Выраз твару яе
паступова мяняецца.

Юля (застагнала). Кі-і-ім...
I як падкошаная звалілася пад ногі да Кіма.

Лена і Кім (кідаюцца да яе). Юля!!! Юля!!!
Дом Каралёва. Каралёў п’яны сядзіць на падлозе сярод пустых
бутэлек.

Каралёў (гучна дэкламуе). Я вас любил... В душе моей
угасла не совсем... Но пусть она вас больше не тревожит...
(Крычыць.) Я не хочу!!! Чаму не хачу? Хачу... (налівае, п’е).
Голас. Шэф, вы ў парадку?


Каралёў. У парадку.
Голас. Мне падалося, што вы крычалі.
Каралёў. Я займаюся мастацкай самадзейнасцю. Не
перашкаджай.
Голас. Даруйце.
Каралёў. Стой! Серж, ты жанаты?
Голас. Не.
Каралёў. Пашчасціла табе. Калі б ты быў жанаты, я
б цябе... звольніў зараз.
Голас. Сапраўды пашчасціла.
Каралёў. I ведай, як толькі жэнішся — ты без работы.
Жанчыны нам напаскудзілі яшчэ ў біблейскія часы...
Яб­лыч­­ка ёй захацелася, а цяпер мучайся!
Голас. Пра каго вы?
Каралёў. Пра Еву.
Голас. Гэта ваша знаёмая?
Каралёў. Знаёмая... I твая таксама.
Голас. У мяне Евы не было.
Каралёў. Ну і не трэба. Што гэта я хацеў табе сказаць.
А! Калі я задумаю жаніцца, ты мяне павінен будзеш за­стрэ­
ліць. Усёк?
Голас. Як загадаеце, шэф... даруйце, да вас прыйшлі.
Каралёў. Хто?
Голас. Хадзееў…
Каралёў. Хай заходзіць.
Голас. У яго можа быць зброя.
Каралёў. Хоць атамная бомба. Прапусці. (Дэкламуе.)
Но пусть она вас больше, не тревожит... Я! Не! Хо! Чу!
Уваходзіць Хадзееў. Аглядае пакой.

Хадзееў. Харо-о-ош!
Каралёў. Выпіць хочаш?
Хадзееў. Я за рулём.
Каралёў. З твайго дазволу!.. (П’е.)
Хадзееў. Слухай, Каралёў, ты псуеш маю рэпутацыю...
Каралёў. Што пс… псую?..
Хадзееў. Мой аўтарытэт.
Каралёў. А як гэта я яго… пс... ну, гэта...
Хадзееў. Ты Атаманава ведаеш? Учора ў клубе ён
пытаецца ў мяне: «Што ж ты, Хадзееў, хоць і былога, але

сябра і прыстойнага чалавека (гэта цябе!) давёў да адчаю?»
Гэта я цябе давёў да адчаю! Дык вось, мне такія размовы не
патрэбны.
Каралёў. Ну, блінклінтан! Ты ж хацеў мяне забіць,
ледзь не забіў, а цяпер размоў баіцца...
Хадзееў. Мне такія размовы не патрэбны!
Каралёў. Ды што, я іх размаўляю?! Якое сёння чысло?
Хадзееў. Дваццаць першае.
Каралёў. А дзень?
Хадзееў. Аўторак. Месяц і год ведаеш?
Каралёў. Я два тыдні ні з кім не размаўляў! Я з дому
не выходзіў! Я тэлефон разбіў! Якія і з кім размовы?
Хадзееў. Я яшчэ раз кажу: мне такія размовы не
патрэбны! Чым я магу табе дапамагчы?
Каралёў. Аддай мне маю кніжачку.
Хадзееў. Гэта кніжачка не твая. Я яе купіў у цябе...
Каралёў. Тады прадай!
Хадзееў. Прадаваць яе я не хачу і не буду.
Каралёў. Добра. Тады зрабі для мяне адну важную
паслугу.
Хадзееў. Якую?
Каралёў. Пайшоў вон!
Хадзееў. Значыць, сёння аўторак. Можаш яшчэ
п’янстваваць да канца тыдня.
Каралёў. А ў мяне гарэлка скончылася.
Хадзееў. Забяспечу. (Націскае кнопку.) Серж, пады­
дзіце, калі ласка, да маёй машыны і вазьміце ў багажніку,
ён адкрыты, скрынку «Абсалюта». Цытрон падыдзе?
Каралёў. Кла-ас!
Голас. Шэф, мне выконваць?
Каралёў. Ды ты ашалеў! Хто такое не выконвае?
Хадзееў. Значыць, у нядзелю ты павінен толькі лёгка
пахмяліцца. Калі я застану цябе ў такім стане ў панядзелак,
ты ў Навінках...
Каралёў. А што я там буду рабіць?
Хадзееў. Не ты будзеш рабіць, а з табой.
Каралёў. Што?
Хадзееў. Прыводзіць у чалавечае аблічча. Будзь зда­
роў. (Выходзіць.)


Каралёў (дэкламуе). Ну пусть она вас больше не!..
Тревожит!
Голас. Шэф, да вас жанчына.
Каралёў. Што ёй трэба?
Голас Лены. Мне трэба цябе!!!
Каралёў. Ну трэба дык трэба. Заходзь. (Спявае.) Я не
хочу!.. Печалить вас ничем...
Уваходзіць Лена.

Каралёў. Чым магу?
Лена (кідае канверт). Вось. Забяры, што даваў мне на
мікраскоп.
Каралёў. Калі гэта мы пілі з табой брудэршафт? Чаму
гэта ты на ты?
Лена. Я са жлаб’ём размаўляю толькі на ты!
Каралёў. Я і пакрыўдзіцца магу...
Лена. Оё-ёй! Як я перажыву? Ён пакрыўдзіцца! Пляваць
я на цябе хацела, Каралёў! Калі ты хоць пальцам мяне
зачэпіш, сюды заявіцца мой Гэ-А-Дэ са ўзводам амонаўцаў і
скруціць і цябе, і тваіх бандзюг у барані рог!
Каралёў. Ну, са ўзводам канечне. Гэ-А-Дэ — гэта ГАД.
Лена. Трымай жлоб! (Выкідвае з сумачкі пачак за
пачкам.) Ёй ужо нічога ў гэтым мярзотным свеце не патрэбна
і нічога не дапаможа. Тым больш ад цябе! Абрэвіятуру сваю
не выкарыстоўвай. Які ты Кім? Вазьмі сабе лепш Гэ-А-Дэ...
А лепш пакінь адно Гэ. З цябе хопіць… Пералічы свае грошы,
а то яшчэ потым скажаш, што ў цябе купюру сцягнулі... Яна
кахае цябе! Кахае большую частку свайго жыцця! Госпадзі!
Было б каго! Хворая на галаву! А ты мог падумаць, што
яна спецыяльна хадзіла за табой па барах, каб спакусіць і
хапануць з цябе грошы на лячэнне. Што яна спецыяльна
падаслала да цябе Кіма!
Каралёў. Ён мне так сказаў.
­
Лена. Ідыёт! Ён збіраў для яе грошы, а калі яна даве­
далася, то прымусіла яго ва ўсіх, каго ён спрабаваў падма­
нуць, ва ўсіх папрасіць прабачэння... Яна паслала яго пра­
сіць прабачэння! Паслала прасіць прабачэння!!!
Каралёў. Кім — мой сын...

Лена. Такія, як ты, не могуць і не павінны размнажацца.
Ты яго больш ніколі не ўбачыш... Ён яе на цябе не прамяняе,
нават калі ты яму Эйфелеву вежу купіш! Яна сабрала каля
сябе гэтых няшчасных дзетак, яны жывуць з апошняга, калі
вы абжыраецеся. Але яны шчаслівыя... шчаслівыя! А тваё
шчасце толькі, каб напіцца і пажэрці! Пажэрці і напіцца.
Яна зубамі выцягнула з тваіх грудзей атручаную кулю...
Каралёў. Гэта была яна?!
Лена. Яна! Дура! Трэба было ўзяць малаток і закалаціць
яе далей... У самае тваё сабачае сэрца! Ты грошы свае па­
ганыя пералічваць будзеш?
Каралёў. Ну буду. Чаму яна сама мне пра ўсё не рас­
казала?
Лена. Што яна табе магла расказаць? (Блазнуе.) «Мілы!
Каханы мой адзіны! Ты разумееш, я з клінікі, у мяне дрэнная
кроў, рэгулярна калоцца трэба, бываюць прыпадкі, я ў любы
момант затрэсціся магу. А цяпер пацалуй мяне і дай баксаў
на лячэнне...» Гэта яна павінна была табе сказаць?! Жлоб...
(Выходзіць.)
Каралёў нейкі час сядзіць нерухома. Потым націскае кнопку.

Голас. Слухаю, шэф...
Каралёў. Набяры нуль дзевяць...
Голас. Зараз.
Чуваць доўгія гудкі, потым адказвае жаночы голас.

Жаночыголас. Сорак сёмая.
Каралёў. Справачная?
Жаночыголас. Справачная.
Каралёў. Скажыце, калі ласка, чаго гэта мне апошнім
часам гэтак не шанцуе?
Дом Юлі і Кіма. Юля ў ложку. Кім стаіць перад акном. Лена
рыхтуе ін’екцыю.

Кім. Дзень павялічыўся на тры гадзіны дваццаць мінут.
Юля. I да Новага года засталося дзесяць месяцаў і адзін
дзень...
Лена. Давай руку (робіць укол).
Юля. Дзе дзеці?


Кім. На вуліцы гуляюць.
Лена. Я пайду. Мне яшчэ па трох адрасах трэба быць.
Юля. Зайдзі пасля дзяжурства. Кім нешта смачнае
гатуе.
Лена. Зайду. Кім, прасачы, каб гэта было выпіта да
вечара.
Кім. Будзе выпіта.
Лена. Чао!
Лена накіроўваецца да выхаду і сутыкаецца з Каралёвым.

Лена (да Кіма.) Чаму ты ніколі не зачыняеш дзверы?
Кім. А хто апошнім заходзіў, я ці ты?
Лена. Я. Чаму ты за мной не зачыніў?
Каралёў. Юля, мне трэба з табой пагаварыць...
Юля. Выйдзіце...
Лена (да Каралёва). Ты чуў? Вый-дзі-це! Гэта яна цябе
на вы называе... Выйдзіце!
Юля. Лена...
Лена. Што Лена? Што Лена? (Каралёву.) Тры хвіліны.
Роўна тры хвіліны... Пайшлі на кухню, Кім.
Выходзяць. Каралёў павольна падыходзіць да Ю л і.

Юля. Не плач...
Каралёў. Я не плачу...
Юля. Плачаш...
Каралёў раптам грымнуўся на калені перад ложкам і зарыдаў.

Ціха-ціха-ціха-ціха... Супакойся. Гэта не праз цябе, я б
усё адно...
Каралёў (плача). Я не ведаю, я не ведаю, што на мяне
найшло, што накаціла... Зацьменне нейкае, гіпноз... Я ж
глядзеў у твае вочы... Скаціна... Я нават прабачэння не буду
прасіць, бо не хачу, каб ты мне даравала... Не хачу…
Юля. Я не пакрыўдзілася... Я проста страшна спало­
халася, што больш ніколі цябе не пабачу... А астатняе... Усё,
што ёсць, тое і было. Ніякія грошы не дапамогуць.
Каралёў. Выходзь за мяне замуж…
Юля. Дурненькі... Мне засталося ад сілы паўтара ме­
сяца...

Каралёў. Вось і добра! Усё жыццё марыў стаць удаў­
цом... Хаця чорта лысага! Я цябе адаб’ю, выцарапаю, вырву
з лапаў і Люцыфера, і Вельзевула і Лопэ дэ Вегі...
Юля. Ну, а яго ў гэтую кампанію за што?
Каралёў. І калі табе наканавана памерці — пры родах
памрэш... Калі будзеш раджаць дзявятага дзіцёнка...
Юля. Я не супраць...
Каралёў. Тады паехалі...
Юля. Куды?
Каралёў. У манастыр! Да святых сясцёр... Я ім некалі
ма­шыну цэглы прывёз, яны мне кніжачку падаравалі... Кні­
жачка маё сэрца ўратавала... Калі ўжо такога, як я, нечыя
малітвы ўратавалі, што пра цябе казаць. Паехалі! Я стану на
калені, і яны павянчаюць нас.
Юля. Ты з глузду з’ехаў.
Каралёў. У нас мала часу... У нас зусім яго няма...
Я ця­бе люблю... Я кахаю цябе!
Юля. Кі-ім...
Каралёў ахінае яе коўдрай, бярэ на рукі і выносіць з пакоя.
Праз нейкі час. Аэрапорт. Юля, Каралёў і Лена каля барнай
стойкі п’юць каву.

Каралёў. Вось, каб не забыць... Вазьмі размоўнік.
Тут па ўсіх тэмах асноўныя фразы і ў нашай транскрыпцыі...
Я, калі ездзіў, карыстаўся.
Лена. Юля, табе адну адзіную фразу трэба запомніць:
іх лібэ діх! Іх лібэ діх... Паўтарай яе ўсім без выключэння
мужчынам, потым з тых, хто клюне, выберы якога-небудзь
фрыца і настаў яму (паказвае на Каралёва) вось такія рогі...
Каралёў. Слухай, я цябе ведаю ўсяго пару месяцаў, а
ты мне надакучыла так, быццам гадоў трыццаць была маёй
цешчай.
Лена. Гэта не ўсё-ё... Я яшчэ гадоў пяцьдзясят кумой
тваёй буду.
Каралёў. Якой кумой?
Лена. Ну, а хто ж тваіх дзяцей хрысціць будзе?
Каралёў. Не-е! Хто заўгодна, толькі не ты!
Юля. Лена! Ігар! Ну, Божа мой! Я ад вас стамілася.
Колькі можна? (Паўза.) Кім не прыедзе?


Каралёў. З дзецьмі застаўся... Заявіў, што доўгія
провады — лішнія слёзы...
Лена. Перажывае момант адчурання.
Юля. Які момант?
Лена. Ты ж для яго была і сястрой і маці, а цяпер вунь
каго песціш.
Каралёў. Зноў?
Лена. Камплексуе падлетак...
Паўза. Юля застагнала.

Каралёў. Што такое?
Юля. Мне дрэнна...
Заціскаючы рукой рот, выбягае.

Каралёў. Юля!!! (Да Лены.) Чаго ты сядзіш?!
Лена. А што мне рабіць?
Каралёў. Ёй дрэнна!
Лена. Ну й што?
Каралёў. Як што? Ёй жа моташна стала!
Лена (абыякава). На здароўе...
Каралёў. Ты... Памажы ёй!
Лена. Чыя гэта жонка? Мая ці твая? Сам дапамагай...
Каралёў. Чым я ёй дапамагу?!
Лена. Агуркоў салёных купі на дарогу!
Каралёў (пасля паўзы). Што... Што...
Лена. Сто! Я ж казала, што ты жлоб...
Каралёў (насоўваецца на яе і шэпча радасна). Лена...
Лена-а-а...
Лена. Што такое? Не чапай мяне! Пусці! Пусці табе
сказана!
Каралёў (абдымае яе). Ленка!
З’яўляецца Хадзееў.

Хадзееў. Што тут адбываецца?
Лена. А вы не бачыце. Гвалт над чэснай дзяўчынай у
міжнароднай зале аэрапорта.
Хадзееў. А дзе Юля?
Юля (з’яўляецца). Я тут.
Каралёў. Як ты?

Юля. Нармальна.
Хадзееў. Дакладваю. Нас з табой сустракаюць. Я за­
біраю дачку і гэтым жа рэйсам вяртаюся. Ты будзеш жыць
у яе пакоі. Гэта два крокі ад клінікі. Прафесар Шварц рэка­
мендуе дзённы стацыянар.
Каралёў. Гэта што?
Лена. Як што? Увесь дзень лечышся, а потым усю ноч
здароўе гробіш.
Хадзееў. Ужо абвесцілі рэгістрацыю. Лена, пайшлі
багаж афармляць. Мы каля пятай стойкі будзем.
Хадзееў і Лена выходзяць.

Юля. Што гэта з табой?
Каралёў. Нічога...
Юля. А чаго ты так глядзіш?
Каралёў. Та-ак... Я праз тыдзень у адведкі прыеду.
Юля. Навошта табе грошы траціць!
Каралёў. Грошы трэба не эканоміць! Грошы трэба
зарабляць! У цябе ж свой пакой будзе. Ты днём у стацыянар,
а я ў піўбар... А ноччу буду сачыць за тым, каб ты сваё
здароўе не гробіла...
З’яўляецца Кім, ведучы за рукі хлопчыка і дзяўчынку. Канечне ж
гэта Піня з Баранесай.

Кім. Яны дасталі мяне!
Юля. Кім!
Кім. Калі я сказаў, што ты паехала ў аэрапорт, яны
такі вой паднялі... Увесь пад’езд на вушы паставілі! Суседка
выклікала міліцыю, бо падумала, што я іх забіваю... Адразу
дваіх...
Каралёў. I што?
Кім. Міліцыя нас і прывезла сюды. Вунь машына стаіць.
(Да дзяцей.) Ну што? Вось ваша мэм... Цалуйцеся!
Юля падбягае і абдымае спачатку маленькіх дзяцей, а потым Кіма.
Так яны і стаяць абняўшыся.
Каралёў павольна-павольна падыходзіць да іх. На гэтым мы з імі і
развітаемся. Дай вам Бог шчасця!
Канец


1. Хто, на вашу думку, з’яўляецца галоўным героем п’есы? Чаму вы так
лічыце? Абгрунтуйце сваю думку.
2. Як вы ставіцеся да таго, што Кім хадзіў да багатых людзей, выдаваў
сябе за іх сына і выпрошваў грошы на лячэнне Юлі?
3. Паназірайце за мовай Кіма і падумайце, ці дапамагае яна лепш
зразумець характар падлетка.
4. Якім чалавекам вам уяўляецца Юля?
5. Што ў характары Ігара Каралёва вы ўхваляеце, што — асуджаеце?
6. Якія жыццёвыя, маральныя праблемы ўздымаюцца ў п’есе Аляксея
Дударава «Кім»?
7. «Дамалюйце» словамі фінал п’есы. Як, на ваш погляд, будуць (або
могуць) складвацца жыццёвыя лёсы герояў твора?
8. У чым вы бачыце жанравую адметнасць п’есы?

Пытанні і заданні да раздзела
1. Прыгадайце з пройдзенага ў сёмым класе або пагля­дзі­
це ў слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў, што азначаюць
на­ступныя паняцці: «паэзія» і «проза», «лірыка» і «эпас».
Па­раў­найце і адзначце падабенства і адрозненні паміж па­
няц­цямі «паэзія» і «лірыка», «проза» і «эпас».
2. З мэтай паглыблення ведаў пра тэму, ідэю, праблему
тво­ра яшчэ раз прачытайце артыкул, змешчаны пасля тво­
ра «Дзяльба кабанчыка». Ахарактарызуйце пералічаныя
па­няцці, падмацаваўшы адказ разважаннямі аб усіх трох
тво­рах. Як гэтыя паняцці выяўляюцца ў творах розных
літа­ратурных родаў? У якіх творах ідэя нібы фармулюецца
са­мім аўтарам, у якіх яе трэба «вывесці» самому чытачу з
апісанняў, разважанняў, выказванняў аўтара і герояў, кар­
цін твора?
3. Вы ўжо сустракаліся з такімі паняццямі, як аповед,
апі­сан­не, партрэт, пейзаж, дыялог, маналог. Знайдзіце ад­
па­ведныя прыклады ў разгледжаных творах і пакажыце,
у якім родзе літаратуры яны сустракаюцца часта і ў якім
амаль зусім не сустракаюцца. Чаму?

ГОЛАСАМ ДУШЫ І СЭРЦА

ЛІРЫЧНЫЯ ЖАНРЫ
Лірычныя творы адлюстроўваюць жыццё праз пачуцці
аўтара. Калі ў эпасе на першым плане падзея, то ў лірычным
творы — эмоцыя, перажыванне. Лірыцы ўласціва вобразнае
выяўленне самых разнастайных адчуванняў і думак.
Паняцце пра лірыку, як і пра эпас, прыйшло да нас з ан­
тычных часоў. Словам «лірыкос» старажытныя грэкі называ­
лі вершы, якія чыталіся пад акампанемент ліры. Сваю му­зыч­
ную прыроду лірыка захавала і сёння, і гэта важна па­мя­таць,
гаворачы пра павышаную эмацыянальнасць, інта­нацыю,
меладычнасць, рытмічныя асаблівасці верша.
Лірычная паэзія заўсёды раскрывае перад намі ўнутраны
свет чалавека, і чым ён багацейшы, прыгажэйшы, тым больш
цікавы і важны для нас, бо ў ім — дабрыня і справядлівасць,
любоў і спагада, вера і надзея на лепшае.
У адрозненне ад эпічнага, лірычны твор, як правіла, не
мае сюжэта, не паказвае чалавечыя характары ў іх развіцці
і разнастайных сувязях. Лірычны твор звычайна пішацца
ў форме маналога. Ён невялікі па аб’ёме. Але затое кожнае
слова, кожны гук у вершы маюць асаблівае значэнне, глы­
бокі сэнс.
Паэт дзеліцца сваімі думкамі, перажываннямі шчодра
і шчыра, давярае чытачу самае патаемнае, асабістае, што
па­т рабуе асаблівай чуласці і суперажывання. Чытанне
лірычных твораў — не толькі задавальненне, гэта і праца,
якая ўзна­га­ро­дж­ваец­ца радасцю ўзаемаразумення з людзьмі
і суперажывання з паэтам.


Мова лірычных твораў найчасцей вершаваная: рытм,
рыф­ма, разнастайныя сродкі мастацкай выразнасці (эпітэты,
параўнанні, метафары) дапамагаюць перадаць у невялікім
творы невычэрпнае багацце чалавечай душы.

НАРОДНЫЯ ПЕСНІ
Песня — вершаваны твор пераважна лірычнага або ліраэпічнага характару, меладычны па сваім інтанацыйным ма­
люн­ку і прызначаны для спявання.
Народныя песні з’яўляюцца вытокам, шчодрай крыніцай
лірычнай паэзіі. Здаўна яны адпавядалі спрадвечнай патрэбе
чалавека ў выяўленні пачуццяў і перажыванняў, сугучных
яго настрою. Каб зразумець лірычную прыроду народных
пе­сень, звернемся да гісторыі іх узнікнення.
У далёкай старажытнасці мастацтва было адзіным і ар­га­
нічна ўключала ў сябе танец, гульню, музыку і словы. Вяду­
чую ролю ў агульным танцы-гульні адыгрываў рытм. Пасту­
пова эмацыянальныя словы-воклічы пачалі складвацца ў
цэласныя тэксты. Так нарадзілася харавая песня. Змест
песень адпавядаў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, таму ся­род
іх можна выдзеліць калядныя, веснавыя, купальскія, жніў­
ныя, вясельныя, жартоўныя, любоўныя. З хору вылучаліся
салісты — першыя паэты-лірыкі, якія ўмелі мяняць тэкст,
рабіць яго больш прыгожым і выразным, перадаючы словамі
свае мары і спадзяванні, свой погляд на прыроду і чалавека.
Пісьменнасці яшчэ не было, песні перадаваліся вусна ад ча­
ла­века да чалавека, з пакалення ў пакаленне. У народнай
памяці заставаліся самыя яркія, удалыя варыянты песень, у
якіх кожнае слова, кожны вобраз былі адшліфаваны народ­
най мудрасцю і талентам.
«Народныя песні валодаюць магічнымі чарамі ўздзеяння
на пачуцці людзей, бо нясуць у сабе самае дарагое і запавет­
нае з таго, што напаўняла народную душу, чым яна жыла і
жы­вілася, чым яна пакутавала і цешылася, да чаго імкнула­
ся і што адмаўляла» (Ніл Гілевіч).

БЯРОЗА З ЛІСТОМ...
Бяроза з лістом
Усю восень шумела:
— Мая бяроза, мая белая!
Як жа мы расстанемся?
— Ты мой лісточак,
Ты мой зялёны,
Так мы расстанемся:
Ветры павеюць,
Лісток абвеюць,
А я застануся.
— Не бойся, бяроза,
Не бойся, белая!
Я ж цябе не пакіну.
Цяпер я ападу,
А вясной прыйду,

З табой шумець буду.
Мамулька з дачкой
Усю ночку гаварыла:
— Мамулька ж мая родная!
Як жа, мы расстанемся?
— Сваты прыйдуць
I цябе вазьмуць,
А я застануся.
— Мая мамулька,
Мая родная!
Я ж цябе не пакіну:
Хоць замуж пайду,
Я ў госці прыйду,
З табой гукаць буду.

ЗЕЛЯНЕЮЦЬ, ЗЕЛЯНЕЮЦЬ ЛУГІ,
СЕНАЖАЦІ...
Зелянеюць, зелянеюць
Лугі, сенажаці,
Пытаецца сын у мацеры,
Ды каторую ўзяці.

А ці тую багатую,
Што валы, каровы,
А ці тую сіраціначку,
Што чорненькі бровы?

А ці тую багатую,
Што хораша ходзіць,
А ці тую сіраціначку,
Што ўсё добра робіць?

Багатая, няўдалая
У садочку гуляла,
А бедная сіраціначка
Ўжо тры копы нажала.

У багатай, нехарошай
Валы паздыхаюць,
А ў беднай сіраціначкі
Бровы не зліняюць.
1. Праслухайце народныя песні ў музычных запісах.
2. Успомніце, што вам вядома пра віды народных песень (сямейнаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя, лірычныя). Да якога віду


адносяцца песні, з якімі вы пазнаёміліся, у якіх жыццёвых сітуацыях
яны выконваліся?
3. Уважліва перачытайце тэкст песні «Бяроза з лістом». Звярніце ўвагу
на тое, як многа ў ёй памяншальна-ласкальных слоў, пяшчотных
зваротаў. Якія перажыванні выклікаюць гэтыя словы?
4. Вызначце агульнае ў будове народных песень. З чым звязаны
паралелі са светам прыроды, пастаянныя звароты да яе сіл?
5. Якая з народных песень спадабалася вам найбольш? Што сугучнае
свайму настрою вы ў ёй пачулі? Якія выяўленчыя сродкі (эпітэты,
параўнанні, метафары) робяць гэтую песню прыгожай і выразнай?
6. Паслухайце народныя песні ў жывым выкананні. Прыгадайце, з якімі
падзеямі яны звя­заны. Запішыце тэкст адной песні.

Паралелізм
Чалавек у народнай песні непадзельны з прыродай, ад сіл
якой заўсёды залежала яго жыццё. Таму аўтары народных
песень бралі вобразы найперш з навакольнага свету. Песня
часта ўяўляла сабой адно вялікае разгорнутае параўнанне,
у якім падзеі чалавечага жыцця супастаўляюцца са з’явамі
прыроды. Такі мастацкі прыём называецца паралелізмам.
Сапраўды, у песні ідуць дзве паралельныя лініі: прыроды
і чалавечага жыцця. Не перасякаючыся ў творы, яны зліва­
юц­ца, аднак, у адзінае ўражанне ў нашым уяўленні. Так,
песня «Бяроза з лістом» будуецца на супастаўленні з’явы
пры­роды (лістападу) і развітання маці і дачкі. У свеце на­
род­най фантазіі прырода і чалавек нібы роўныя: бяроза з
ліст­ком размаўляюць, сумуюць, як і маці з дачкой. Такое
аду­хаўленне прыроды стварае асаблівы настрой, асаблівую
пранікнёнасць песні.
У якіх вядомых вам народных песнях выкарыстоўваецца паралелізм?
Растлумачце яго ролю ў песні.


«Я — СЫН СВАЁЙ ЗЯМЛІ,
НАШЧАДАК БЕЛАРУСАЎ...»

ГРАМАДЗЯНСКАЯ ЛІРЫКА
Янка Купала
СПАДЧЫНА
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын1,
Што лёг ля вёсак покатам2;
I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
I крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
I ў белы дзень і чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі3.
Амша́лы тын — пакрытая мохам агароджа.
По́катам — адзін ля аднаго, без асаблівага парадку.
Вандо́лы — равы, канавы.


Жыве з ім дум маіх сям’я
I сніць з ім сны нязводныя...
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
1. У вершы «Спадчына», напісаным у далёкім 1918 годзе, калі ў час
Першай сусветнай вайны большая частка Беларусі была акупіравана
нямецкімі войскамі, паэт разважае пра лёс роднага краю. Што тры­
вожыць яго, што дае надзею?
2. Растлумачце сэнс слова «спадчына». Што разумее пад сваёй спад­
чынай Янка Купала? Якія параўнанні знаходзіць ён, каб перадаць
сваю любоў да «Старонкі Роднай» і замілаванне ёю?
3. З якіх канкрэтных малюнкаў паўстае перад намі вобраз роднага
краю? Які настрой яднае гэтыя малюнкі ў адзінае цэлае?
4. Перачытайце апошнія радкі верша. Чаму словы «Старонкай Роднаю»
на­­пісаны з вялікай літары? Якое значэнне мае слова «ўсяго» перад імі?
5. Паэт неаднаразова паўтарае займеннікі «я», «мне», «мая», што
пад­крэслівае глыбока асабісты характар лірычнага перажывання.
Пара­зважайце, як звязана грамадзянская значнасць тэмы і шчырае
вы­казванне ўласнай чалавечай пазіцыі.
6. Праслухайце запіс песні «Спадчына» на музыку Ігара Лучанка ў вы­
кананні ансамбля «Песняры». Як звязаны мелодыя песні і інта­нацыя
верша?
You have read 1 text from Belarusian literature.
Next - Беларуская літаратура - вучэбны дапаможнік для 8 класа - 07