Latin

Беларуская літаратура - вучэбны дапаможнік для 8 класа - 21

Süzlärneñ gomumi sanı 3851
Unikal süzlärneñ gomumi sanı 1908
0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
Выходзячы, убок.) Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам,
як сторублёвая кабыла. Гэткая — дыхт для мяне жонка!
З’ява IX
Паўлінка (адна)

Паўлінка (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей
і не прыйшоў. Так усё неяк у сярэдзіне трасецца... I нашто
гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць?
(Ходзіць ад акна да акна і паглядае.) Падшахнула ж мяне
нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела.) А можа не
прый­дзе?.. (Сумна.) А калі не прыйдзе, то, значыцца, ён
ужо мяне не любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а
там — што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае
ў пальцы.) Прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе, не прыйдзе,
прыйдзе... (Весела.) Прыйдзе, прыйдзе! А цяпер — любіць
ці не любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і
перакідае карты.) Любіць, не любіць, к сэрцу прыжме, к
чорту пашле; любіць, не любіць, к сэрцу прыжме... (Весела.)
Так, так, любіць, к сэрцу прыцісне! Ну, раз карты гэтак
паказалі, то трэба збірацца. Але мушу ўперад паслухаць,
ці спяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзверах бакоўкі.)
Спяць, ажно храпуць, як бы суконкі дралі. (Падыходзіць,
глядзіць у акно, задумваецца.) Што тут узяць? Ага, трэба
заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае
пацеркі і прымярае.) Во! Гэта дык трэба забраць, — так мне
з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксама трэба ўзяць.
Усё гэта звяжам у хустку. (Рассцілае хустку і складвае
свае рэчы.) А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым жа я з
ім бегаць буду? Шнуровачку такжа вазьму, бо хто ж яе тут
будзе насіць?.. І-і!! ужо болей, здаецца, нічога. (Звязвае і ідзе
к ложку. Чуваць шорах за акном. Паўлінка сціхае.) Ай, хтось
там прыйшоў! (Весела.) Прыйшоў мой міленькі, прыйшоў!
Такі карты праўду паказалі. (Ідзе к акну.) Хто там?
Голас з-за акна (прыдушаны). Я!.. Я!..

Паўлінка (углядаючыся ў акно, убок). Нічагутанькі
не відаць! Цемната страшэнная! (У акно.) Хто — я?
Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці ж не пазнала?
Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі па­
душачкі звяжу і коўдру.
Голас. Ды мне нічога не трэба!
Паўлінка. Мала што не трэба, а я вазьму... (Хутка
ідзе к ложку, звязвае падушкі і коўдру ў посцілку.) Ну,
ужо гатова! (Адчыняе акно і выкідвае вузлы.) Пераймай, а
за­раз — і мяне! (Да сябе.) Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю
вопратку і хустку, толькі б хаця ж старыя не прабудзіліся.
(Зніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе вы­
ходзіць стуль адзеўшыся.) А цяпер і сябе трэба выкінуць!
(Шыбка ідзе к акну. Чуваць шорах у бакоўцы.) Ай, нехта
ўстаў!
З’ява X
Паўлінка, Сцяпан

Сцяпан (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай). Хто
тут? Хто тут лазіць апоўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй
сюды! (Паўлінка, перахрысціўшыся, кідаецца ў акно. Сцяпан
убачыў.) Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к акну і хватае Паўлінку
за ногі.) Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.
З’ява XI
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета

Альжбета (выбягае — як Сцяпан — акрыўшыся
коўдрай; уся трасецца). Матачка найсвентшая! Што тут
робіцца?! (Мацае па сцяне.) Зараз, зараз нясу стрэльбу.
(Хватае за гіру ад гадзінніка, гадзіннік з грохатам валіцца
са сцяны і разбіваецца.) Ай, што ж я нарабіла!!
Сцяпан (трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты).
Куды цябе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы
цягнуць!..
Альжбета (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!
Паўлінка (перавесіўшыся праз акно). Цягні, братка,
ямчэй!


Альжбета (падкруціўшы кнот і бегучы к Сцяпану).
Божухна мой! Гэта ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не мялі языком
ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.
Паўлінка. Мацней, мацней, браток!
Альжбета (памагаючы Сцяпану цягнуць). Што ты,
дзеткі, здурэла, ці што?.. (Сцягваюць Паўлінку з акна на
хату.)
Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды
манілася ляцець?
Паўлінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся).
Я!.. Я!.. хацела замуж ісці!
Сцяпан і Альжбета. Праз акно?!
Паўлінка. А што ж калі татка і мамка праз дзверы
не пускаеце.
З’ява XII
Тыя ж і Пранцісь, Адольф, Агата

Пранцісь (без шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы
за каўнер Адольфа). Собственно, пане дабрудзею, злодзея,
злодзея злавіў, вось-цо-да.
Агата (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з
гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся.
Паўлінка, Сцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?
Пранцісь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф,
Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!
Сцяпан (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку
ўкрасці, зладзюга, каханенькі, родненькі!
Адольф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч).
Я... я... збіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны
Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць...
Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты
праз акно павыцягваў. Можа і шапку маю ўкраў.
Агата. Ты зараз, п’яніца, тудэма-сюдэма, і галаву за­
будзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агле­
дзеўся, што шапкі забыўся.
Пранцісь. Собственно, а баба нашто, — каб усяго
пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў,
вось-цо-да.

Сцяпан (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая,
родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася,
што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?
Паўлінка (глуха). Божухна мой, божа! Якімку
арышта­валі!!
Сцяпан (самадавольна). Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае
насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць.
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка не­
нагляднага арыштавалі.
Сцяпан (да Адольфа). А ты, каханенькі, родненькі,
негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб
твая і нага тут не была! Не мог, як трэба, па-хрысціянску —
з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей,
хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!
Адольф. Я... я... толькі хацеў дарогі запытацца...
Пранцісь (развязваючы вузлы). Собственно, злодзей,
пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно
пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцаль, вось-цо-да!
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную
арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Звяры сляпыя!!! (Як сноп,
валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады...»)
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсць
кроплі. (Дастае з кішэні пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы
гарэлкай.)
Агата (кідаючыся да Пранціся). Тудэма-сюдэма,
ашалеў!..
Сцяпан (панура). Каханенькія, родненькія, дзве дзюр­
кі ў носе і сканчылося.
Заслона

1. Чаму Паўлінка і Якім Сарока сустракаюцца ў сакрэце ад бацькоў?
2. Якія выказванні і паводзіны Паўлінкі сведчаць пра тое, што яна кахае
маладога настаўніка?
3. Па якіх каларытных выслоўях Сцяпана Крыніцкага і Пранціся Пуста­
рэвіча іх можна адрозніць паміж сабой?
4. Як ставіцца Паўлінка да сваіх бацькоў?
5. Знайдзіце ў тэксце другога акта п’есы неабходны матэрыял для
характарыстыкі Адольфа Быкоўскага, Сцяпана Крыніцкага, Пранціся
Пустарэвіча, падкрэсліўшы пыхлівасць, духоўную абмежаванасць
засцянковай шляхты.


6. Складзіце план характарыстыкі аднаго з разгледжаных на ўроку
персанажаў камедыі. Адбярыце матэрыял для вуснага паведамлення
«Якой я ўяўляю сабе Паўлінку?».
7. Каму з герояў аўтар сімпатызуе, каго асуджае, высмейвае?
8. Знайдзіце ў творы прыклады камічнага паказу персанажаў і паспра­
буйце адрозніць, дзе камізм не злосны (гэта значыць ужываецца гу­
мар), а дзе — надзвычай востры, з’едлівы, іншымі словамі, пісьмен­
нік выкарыстоўвае сатыру.
9. Якімі прыёмамі і сродкамі ствараюцца смешныя, камічныя сцэны,
вобразы герояў? Прывядзіце прыклады.
10. Калі ёсць магчымасць, падрыхтуйце для інсцэніраванага прад­
стаўлення якую-небудзь сцэну з камедыі «Паўлінка». Падумайце,
як аформіць гэту сцэну, апрануць выканаўцаў. Звярніце ўвагу
на фотаздымкі выканаўцаў адной з галоўных роляў (Паўлінкі).
(Гл. уклейку).
11. Падрыхтуйце вуснае або пісьмовае сачыненне-разважанне па ад­
ной з прапанаваных у выглядзе пытанняў тэм: 1) што з’яўляецца
га­лоў­най перашкодай на шляху Паўлінкі да шчасця? 2) якія рысы
характару Паўлінкі дазваляюць атаясамліваць яе вобраз з вобразам
Беларусі пачатку ХХ ст.?
12. Улічваючы разгляд усіх папярэдніх пытанняў, вызначце жанр п’есы
Янкі Купалы «Паўлінка».
13. Якія іншыя драматычныя творы вы чыталі або глядзелі ў тэатры, па
тэ­левізары? Якіх беларускіх драматургаў, артыстаў ведаеце?

Пытанні і заданні да раздзела
1. Чым адрозніваюцца драматычныя творы ад эпічных і
лі­рычных?
2. Якімі сродкамі і прыёмамі паказу жыцця вызна­ча­юцца
драматычныя творы?
3. Назавіце асноўныя жанры драматычнага роду. Чым
яны адрозніваюцца адзін ад аднаго ў паказе жыцця і герояў?
4. Каго вы ведаеце з беларускіх драматургаў? Прыгадайце
самых выдатных драматургаў свету. Назавіце вядомыя вам
творы гэтых аўтараў або пастаўленыя па іх спектаклі.
5. Напішыце пісьмовы водзыў на прагледжаны вамі спек­
такль ці фільм.
6. Падрыхтуйце выразнае чытанне ўрыўка з драматычнага
твора (на ваш выбар).

ДАДАТАК

Максім Танк
***
Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
— Што самае цяжкое
На гэтым свеце?
І ён адказаў:
— Прайсці праз вернасць.
Сяргей Чыгрын
ТРЫЯЛЕТ
Чыстая, вясёлая вада
З красавіцкім сонейкам у згодзе.
Па балоце першы бусел ходзіць —
Чыстая, вясёлая вада.
Будзе шчасце, кажуць у народзе,
Буслу кола пакладзі на дах.
Чыстая, вясёлая вада
З красавіцкім сонейкам у згодзе.

ДАВЕДНІК ПРА АЎТАРАЎ ТВОРАЎ,
ЗМЕШЧАНЫХ У ВУЧЭБНЫМ ДАПАМОЖНІКУ

Максім Багдановіч (1891—1917) — нарадзіўся ў Мінску.
Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне, пасля жыў і вучыўся
ў Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Скончыў юрыдычны лі­цэй
і восенню 1916 г. пераехаў у Мінск. Цяжкая хвароба пры­
мусіла паэта ехаць на лячэнне ў Ялту, дзе ён і памёр.
Першы твор — апавяданне «Музыка» — М. Багдановіч
апуб­лікаваў у 1907 г. У 1914 г. у Вільні выдаў зборнік вер­
шаў «Вянок». Напісаў паэмы «Страцім-лебедзь», «Максім і
Магдалена», для дзяцей — паэму-казку «Мушка-зелянушка
і камарык — насаты тварык». Вядомы як публіцыст, лі­та­
ратурны крытык, перакладчык. Многія творы паэта пакла­
дзены на музыку.
Рыгор Барадулін — народны паэт Беларусі. Нарадзіўся
ў 1935 г. на Віцебшчыне. Скончыў Ушацкую сярэднюю
школу, БДУ.
Першы зборнік вершаў «Маладзік над стэпам» выйшаў у
1959 г. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, кніг літаратурнакрытычных артыкулаў. Плённа працуе ў галіне перакладу.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.
Данута Бічэль нарадзілася ў 1938 г. на Гродзеншчыне.
Скон­чыла Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы.
Працавала настаўніцай, старшым навуковым супрацоўнікам
Гродзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея.
Аўтар зборнікаў вершаў «Дзявочае сэрца», «Запалянкі»,
«Дзе ходзяць басанож» і інш., а таксама шматлікіх кніг для
дзяцей. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.
Васіль Быкаў (1924—2003) — народны пісьменнік Бе­
ларусі. Нарадзіўся на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віцебскім
мас­тацкім вучылішчы. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Быў двойчы паранены. З вайсковай службай канчаткова раз­
вітаўся толькі ў 1955 г.

Аўтар шматлікіх кніг апавяданняў і аповесцей — «Жу­­раў­
ліны крык», «Альпійская балада», «Сотнікаў», «Абеліск»,
«Знак бяды», «Аблава», «Сцюжа» і інш. Лаўрэат Ленінскай
прэміі, Дзяржаўных прэмій СССР і БССР.
Анатоль Вярцінскі нарадзіўся ў 1931 г. на Віцебшчыне.
Скончыў БДУ. Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва»,
выдавецтве «Беларусь», Саюзе пісьменнікаў БССР. Выдаў
кнігі вершаў і паэм «Песня пра хлеб», «Тры цішыні», «Свят­
ло зямное» і інш. Напісаў п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі
дзя­к уй», «Гефест — друг Праметэя», «Скажы сваё імя,
сал­дат». Працуе ў галіне перакладу. Лаўрэат Дзяржаўнай
прэ­міі БССР.
Сяргей Грахоўскі (1913—2002) нарадзіўся на Піншчыне.
Скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інс­
ты­тута. У 1936 г. быў рэпрэсіраваны, 17 гадоў знаходзіўся ў
лагеры і ссылцы. Аўтар зборнікаў лірычных вершаў, апавя­
данняў, аўтабіяграфічнай кнігі «Споведзь», за якую ў 1992 г.
атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Якуба
Коласа.
Анатоль Грачанікаў (1938—1991) нарадзіўся на Го­мель­­
шчыне. Скончыў Беларускі інстытут чыгуначнага тран­спар­ту.
Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», у роз­ныя гады
ўзначальваў часопісы «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».
Упер­шыню выступіў у друку ў 1957 г. Аўтар некалькіх збор­
нікаў вершаў, кніг для дзяцей. Працаваў у галіне перакладу.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Леанід Дайнека нарадзіўся ў 1940 г. на Магілёўшчыне,
аўтар паэтычных твораў і гістарычных раманаў «След ваўка­
лака», «Жалезныя жалуды», «Меч князя Вячкі».
Генрых Далідовіч нарадзіўся ў 1946 г. на Стаўбцоўшчыне.
Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам беларускай мовы і лі­та­
ратуры. З 1973 г. — у рэдакцыі часопіса «Полымя», з 1979-га
па 2002 г. — у часопісе «Маладосць».
Аўтар зборнікаў прозы «Дажджы над вёскай», «Цяпло
на першацвет», «Маладыя гады» і інш. Працуе і ў жанры
ра­мана: «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом»,
«Заходнікі». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Бела­
русь імя Якуба Коласа.


Аляксей Дудараў — беларускі драматург. Нарадзіўся ў
1950 г. на Віцебшчыне. Скончыў Беларускі тэатральна-мас­
тацкі інстытут, быў акцёрам Тэатра юнага гледача, галоў­
ным рэдактарам часопіса «Мастацтва». Друкуецца з 1973 г.
Выдаў зборнік апавяданняў «Святая птушка». Аўтар п’ес
«Вечар», «Парог», «Радавыя» і інш. Па сцэнарыях А. Ду­
дарава зняты мастацкія фільмы «Купальская ноч», «Во­сень­
скія сны», «Белыя росы» і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
СССР за спектакль «Радавыя».
Васіль Зуёнак нарадзіўся ў 1935 г. на Міншчыне. Скон­
чыў БДУ. Працаваў у газеце «Піянер Беларусі», часопісах
«Бярозка», «Маладосць», Саюзе пісьменнікаў БССР. Вы­
ступае ў друку з 1954 г. Аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў,
у тым ліку гумарыстычных, кніг літаратурна-крытычных
арты­кулаў, нарысаў, твораў для дзяцей. Перакладае з рус­
кай, украінскай, балгарскай і іншых моў. Лаўрэат Дзяр­
жаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.
Віктар Карамазаў — беларускі празаік і публіцыст. На­
радзіўся ў 1934 г. на Магілёўшчыне. Скончыў БДУ. Пра­ца­
ваў у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», у часопісе
«Полымя». Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Падранак»,
«Вясёлка сярод зімы», «Дзяльба кабанчыка» і інш., раманаў
«Пушча», «Бежанцы».
Уладзімір Караткевіч (1930—1984) нарадзіўся ў Оршы.
Скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта імя
Т. Р. Шаўчэнкі. Працаваў настаўнікам. Аўтар зборнікаў
апа­вяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня», «Чазенія»,
«Вока Тайфуна», раманаў «Каласы пад сярпом тваім»,
«Хрыс­тос прызямліўся ў Гародні», «Нельга забыць», «Чор­
ны замак Альшанскі» і інш., зборнікаў паэзіі «Матчына ду­
ша», «Мая Іліяда», «Быў. Ёсць. Буду», п’ес «Маці ўрагану»,
«Зва­ны Віцебска», «Калыска чатырох чараўніц» і інш. Па­
чы­нальнік гістарычнай тэмы ў сучаснай беларускай літа­
ратуры. Выступаў як публіцыст і крытык. Працаваў як
пе­ракладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба
Коласа.
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, 1882—­
1956) — народны паэт Беларусі. Нарадзіўся на Стаўб­цоўшчыне
ў сям’і лесніка. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семі­

нарыю, настаўнічаў, выкладаў у Мінскім беларускім педага­
гічным тэхнікуме, БДУ, з 1929 г. быў нязменным віцэпрэзідэнтам Акадэміі навук БССР.
Дэбютаваў вершам «Наш родны край» (1906). Першы
зборнік вершаў «Песні-жальбы» выйшаў у Вільні ў 1910  г.,
затым — кнігі прозы «Апавяданні», «Родныя з’явы». У са­
вецкі час выдадзены кніга апавяданняў «Казкі жыцця»,
збор­нік вершаў «Водгулле», паэмы «Новая зямля», «Сымонму­зыка», трылогія «На ростанях», п’есы. Якуб Колас — аўтар
шматлікіх твораў для дзяцей: паэмы «Міхасёвы пры­­годы»,
вершаванай казкі «Рак-вусач», вершаў. Лаўрэат Дзяржаўнай
прэміі СССР.
Уладзімір Корбан (1910—1971) — беларускі байкапісец.
Нарадзіўся на Віцебшчыне. Працаваў у часопісе «Вожык»
(1952—1971). Аўтар зборнікаў сатырычных вершаў, баек і
фельетонаў, гумарыстычных апавяданняў, кніжак для дзя­
цей. Пераклаў на беларускую мову байкі I. А. Крылова.
Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч,
1896—1991). Народны пісьменнік Беларусі. Нарадзіўся на
Мінш­чыне. Працаваў настаўнікам, рэдактарам часопіса
«Вожык», дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР
(1952—1956), віцэ-прэзідэнтам АН БССР (1956—1982).
Аўтар шматлікіх кніг сатыры і гумару: «Асцё», «Крапіва»,
«Бай­к і» і інш. Напісаў п’есы «Хто смяецца апошнім»,
«Мі­лы чалавек», «Канец дружбы», «Брама неўміручасці»
і інш. Выдаў зборнікі прозы. Аўтар літаратуразнаўчых і
крытычных прац. Пераклаў на беларускую мову творы
I. А. Кры­лова, А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, У. Шэкспіра і
інш. Тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
Аркадзь Куляшоў (1914—1978) — народны паэт Бе­
ла­ру­сі. Нарадзіўся на Магілёўшчыне. Працаваў у газеце
«Чыр­воная змена», на Беларускім радыё, на кінастудыі
«Бе­ларусьфільм». У 1930 г. выйшаў першы зборнік вершаў
«Рос­квіт зямлі». Аўтар зборнікаў паэзіі «Сцяг брыгады»,
«На сотай вярсце», «Новая кніга», «Сасна і бяроза», «Кры­
лы» і інш., шматлікіх паэм. Пераклаў на беларускую
мову творы А. С. Пушкіна («Цыганы», «Яўгеній Анегін»),
М. Ю. Лер­мантава, С. Ясеніна і інш. Лаўрэат Дзяржаўных
прэмій СССР і БССР.


Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882—1942) —
народны паэт Беларусі. Нарадзіўся ў фальварку Вязынка на
Маладзечаншчыне ў сям’і арандатара. Скончыў Бяларуцкае
народнае вучылішча, вучыўся ў Маскве, Пецярбургу. Удзель­
нічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяр­
жаў­нага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР.
У літаратуру ўвайшоў вершам «Мужык» (1905), а ў
1908 г. выдаў першы паэтычны зборнік «Жалейка». Аўтар
зборнікаў вершаў «Гусляр», «Шляхам жыцця», «Спад­
чына», «Безназоўнае» і інш., паэм «Курган», «Магіла льва»,
«Сон на кургане» і інш., п’ес «Паўлінка», «Раскіданае гняз­
до», «Тутэйшыя» і г. д. Напісаў шмат твораў для дзя­цей
(«Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.). Пераклаў на бела­
рускую мову «Слова пра паход Ігаравы», творы А. С. Пуш­
кіна, Т. Р. Шаўчэнкі, I. А. Крылова, А. Міцкевіча і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
Алесь Наўроцкі нарадзіўся ў 1937 г. на Гомельшчыне.
Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў фельчарам.
Аўтар зборнікаў вершаў «Неба ўсміхаецца маланкаю», «Га­
рачы снег» і інш., кнігі апавяданняў «Валун».
Янка Сіпакоў (1936—2011) нарадзіўся на Віцебшчыне.
Скон­чыў БДУ. Працаваў у часопісах «Вожык», «Маладосць».
Выдаў некалькі кніг паэзіі, аповесцей і апавяданняў, нары­
саў. Пераклаў на беларускую мову творы А. С. Пушкіна,
Т. Р. Шаўчэнкі, А. Блока, У. Уітмена і інш. Лаўрэат Дзяр­
жаўнай прэміі БССР.
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко, 1912—1995) —
народны паэт Беларусі. Нарадзіўся на Мядзельшчыне. Пра­
цаваў у часопісах «Вожык», «Полымя» (1948—1966), у Саюзе
пісьменнікаў БССР (1966—1990). Прыйшоў у літаратуру ў
30-я гг. Першыя кніжкі паэзіі «На этапах», «Журавінавы
цвет», «Пад мачтай» выдаў у Вільні. Аўтар зборнікаў паэзіі
«Каб ведалі», «След бліскавіцы», «Мой хлеб надзённы»,
«Прай­сці праз вернасць», «За маім сталом», «Збор калосся» і
інш., кнігі-дзённіка «Лісткі календара», кніг вершаў і казак
для дзяцей. Пераклаў творы А. С. Пушкіна, У. Маякоўскага,
польскіх паэтаў. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўных
прэмій СССР і БССР.

СЛОЎНІК ЛІТАРАТУРАЗНАЎЧЫХ ТЭРМІНАЎ

Адухаўле́нне — адзін з відаў метафары, прыпадабненне нежы­
вога прадмета жывой істоце, чалавеку.
Акта́ва — васьмірадковы верш, які часцей за ўсё пішацца
пя­­цістопным або шасцістопным ямбам і рыфмуецца па схеме
аба­бабвв.
Алего́рыя — гл. с. 294.
Амфібра́хій — трохскладовая стапа з націскам на другім скла­
дзе; вершаваны памер з такіх стоп.
Ана́пест — трохскладовая стапа з націскам на трэцім складзе;
вершаваны памер з такіх стоп.
Анекдо́т — кароценькае жартоўнае апавяданне з нечаканай
дасціпнай канцоўкай.
Антытэ́за — кантрастнае супастаўленне процілеглых вобра­
заў, думак, перажыванняў для ўзмацнення ўражання ад іх ці вы­
яўлення іх супярэчлівасці.
Апавяда́нне — гл. с. 191.
Апіса́нне — гл. с. 258.
Апо́вед — гл. с. 258.
Апо́весць — гл. с. 256.
А́ўтарская характары́стыка — гл. с. 258.
Ба́йка — гл. с. 294.
Бала́да — гл. с. 291.
Батле́йка — вандроўны лялечны тэатр на Беларусі, сцэнай для
якога служыла пераносная скрынка ў форме доміка або царквы з
двух паверхаў, дзе разыгрываліся розныя прадстаўленні.
Вадэві́ль — жанр драматычных твораў, лёгкая камедыя з зай­
мальнай інтрыгай у аснове сюжэта.
Гіпе́рбала — моцнае перавелічэнне ўласцівасцей, якасцей ці
памераў прадмета або з’явы з мэтай узмацнення паэтычнай вы­
разнасці.
Гу́мар — паказ жыццёвых з’яў або чалавека ў камічным, смеш­­
ным выглядзе; нязлосны, добразычлівы смех.
Да́ктыль — трохскладовая стапа з націскам на першым скла­
дзе; вершаваны памер з такіх стоп.
Дра́ма — род літаратуры, у якім жыццё паказваецца галоўным
чы­нам праз дзеянне, дыялог, праз узаемаадносіны паміж перса­
нажамі.


Дыяло́г — размова паміж двума або некалькімі персанажамі
ў мастацкім творы, якая перадаецца пры дапамозе простай мовы.
Жанр — форма літаратурнага твора, якая склалася гістарычна
на аснове ўвасаблення пэўнага зместу.
Завя́зка — момант, з якога пачынаецца развіццё дзеяння ў
літаратурным сюжэтным творы.
Ідэ́я — гл. с. 27.
Інве́рсія — гл. с. 126.
Інсцэніро́ўка — перапрацоўка літаратурнага твора для паста­
ноўкі на сцэне тэатра або ў кіно.
Інтана́цыя — тон, характар вымаўлення фразы, якія выяўля­
юць пачуццё, настрой, душэўны стан чалавека.
Інты́мная лі́рыка — гл. с. 121.
Інтэрме́дыя — невялікія камічныя сцэнкі, якія разыгрываліся
паміж актамі асноўнага дзеяння спектакля.
Ка́зка — жанр вуснай народнай творчасці, звычайна празаічнае
апавяданне фантастычнага або сацыяльна-бытавога зместу з выка­
рыс­таннем вымыслу (выдумкі).
Каме́дыя — жанр драматычнай літаратуры, твор, у якім каміч­
на, у смешным выглядзе паказваюцца розныя (часцей адмоўныя)
з’явы жыцця з мэтай іх крытыкі.
Камі́чнае — тое, што выклікае смех, своеасаблівая форма кры­
тыкі адмоўных з’яў у мастацкім творы.
Канфлі́кт — адлюстраванне ў літаратурным творы барацьбы,
сутычкі характараў, што тлумачыцца процілегласцю інтарэсаў,
на­ме­раў, імкненняў людзей.
Кульміна́цыя — пункт найвышэйшага напружання ў развіцці
дзеяння, сюжэта мастацкага твора.
Леге́нда — фальклорнае фантастычнае апавяданне, якое вы­
даецца і ўспрымаецца як верагоднае, хоць яно і не пацверджана
гістарычнымі фактамі.
Лі́ рыка — гл. с. 101.
Ліры́чныя адступле́нні — гл. с. 260.
Ліры́чны геро́й — гл. с. 107.
Манало́г — разгорнутае, тэматычна адзінае выказванне літа­
ратурнага героя або аўтара, звернутае да іншых асоб або да сябе.
Метані́мія — гл. с. 132.
Мета́фара — перанос уласцівасцей адной з’явы на другую па­
водле падабенства.
Наве́ла — гл. с. 191.
О́да — урачысты, узнёслы верш, хвалебная песня ў гонар важ­
най падзеі, з’явы, асобы.
Пада́нне — вуснае празаічнае народнае апавяданне, у якім ад
імя сведкі або ўдзельніка падзей расказваецца пра розныя цікавыя

жыц­цёвыя з’явы, падзеі або пра выдатных людзей, іх учынкі, по­
дз­вігі.
Паралелі́зм — гл. с. 104.
Параўна́нне — супастаўленне дзвюх з’яў з мэтай іх характа­
рыстыкі адной праз другую.
Партрэ́т — апісанне ў літаратурным творы знешняга выгляду
персанажа, яго твару, адзення, манеры паводзіць сябе.
Пасла́нне — лірычны верш у форме звароту аўтара да якойнебудзь асобы або групы людзей. Звычайна мае характар мана­
лагічнай прамовы ці адкрытага ліста, які часта важны не сам па
сабе, а як нагода для разважання.
Паэ́зія — адзін з асноўных відаў мастацтва слова. Вызначаецца
вершаванай формай, шырокім ужываннем слоўных вобразаў
(тропаў, фігур), настроенасцю на думкі і пачуцці яркія, узнёслыя,
пры­гожыя, гарманічна выказаныя, як у лірычных вершах. Ліры­
ка — заўсёды паэзія, але паэзія — не толькі лірыка, гэта і ліраэпічныя творы, вершы ў прозе і інш. (гл. Проза. Лірыка)
Паэ́ма — гл. с. 277.
Пейза́ж — апісанне прыроды ў літаратурным творы.
Персана́ж — дзейная асоба ў літаратурным творы.
Прабле́ма — гл. с. 27.
Про́за — адзін з асноўных відаў літаратурна-мастацкай твор­
час­ц і. Невершаваная літаратура, сваім зместам звернутая на
па­­знан­не і адлюстраванне складаных жыццёвых з’яў, людскіх
узае­­мадачыненняў, характараў. У празаічнай форме звычайна пі­
шуцца эпічныя творы, але могуць быць і такія, як вершы ў прозе,
свабодны верш (гл. Паэзія. Эпас).
Пры́тча — гл. с. 294.
Развя́зка — заключны этап у развіцці дзеяння ў эпічным або
драматычным творы.
Рама́нс — невялікі лірычны верш напеўнага характару пра
ка­ханне.
Ры́фма — сугучнасць канчаткаў вершаваных радкоў.
Рэма́рка — аўтарская заўвага ў тэксце драматычнага твора, у
якой даюцца тлумачэнні адносна таго, як выглядае, паводзіць сябе
герой у дадзены момант, з дапамогай якіх рухаў, жэстаў, мімікі
вы­яўляецца стан яго душы і г. д.
Рэфрэ́н — слова, радок ці некалькі радкоў, якія паўтараюцца
пасля кожнай страфы.
Сане́т — форма лірычнага верша з 14 радкоў, у якім радкі звы­
чайна рыфмуюцца ў пэўным парадку (абба абба ввг дгд). Санет
дзеліцца на дзве часткі: у першых дзвюх строфах развіваецца тэма,
у наступных — робіцца вывад. Санеты пішуцца ямбам.


Саты́ра — форма востракамічнага, выкрывальнага паказу ад­
моўных з’яў, пры якім крытыкуюцца заганы грамадскага жыц­ця
або асобных людзей.
Сі́мвал — гл. с. 110.
Сіне́кдаха — гл. с. 132.
Страфа́ — група аб’яднаных рыфмоўкай вершаваных радкоў,
якая паўтараецца на працягу твора.
Сюжэ́тныя лі́ніі — кірункі сюжэта, звязаныя з найбольш знач­
нымі характарамі мастацкага твора.
Траге́дыя — гл. с. 300.
Троп — гл. с. 132.
Трыяле́т — форма лірычнага верша з васьмі радкоў, у якім
два першыя і два апошнія, а таксама першы і чацвёрты радкі
ад­ноль­кавыя. Такім чынам, першы радок паўтараецца тройчы,
другі — двойчы.
Тэ́ма — гл. с. 27.
Увасабле́нне — адзін з відаў метафары, перанясенне чалавечых
уласцівасцей на з’явы прыроды.
Фарс — лёгкая вясёлая камедыя бытавога зместу, з ужываннем
знешне камічных прыёмаў.
Хара́ктар — мастацкі вобраз чалавека ў літаратурным творы,
індывідуальнасць героя, што выяўляе яго адносіны да жыцця.
Харэ́й — двухскладовая стапа з націскам на першым складзе;
вершаваны памер з такіх стоп.
Экспазі́цыя — частка твора (перад завязкай сюжэта), у якой
аўтар знаёміць чытача з героямі, месцам і часам дзеяння.
Эле́гія — лірычны верш, прасякнуты сумным настроем з
пры­­чыны грамадскай несправядлівасці, асабістага няшчасця, не­
раздзеленага кахання, разважанняў аб жыцці і смерці і інш.
Эпізо́д — асобная падзея ў эпічным творы, якая мае пэўнае
са­мастойнае значэнне ў развіцці сюжэта або ў характарыстыцы
персанажа.
Эпіло́г — частка мастацкага твора, якая ідзе пасля заканчэння
дзеяння.
Эпіта́фія — жалобны верш на ўшанаванне памяці памерлых.
У Старажытнай Грэцыі — вершаваны надпіс на надмагільным
пом­ніку.
Эпі́тэт — мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе
прад­мет, з’яву або чалавека.
Ямб — двухскладовая стапа з націскам на другім складзе; вер­
шаваны памер з такіх стоп.

ЗМЕСТ

Дарагія васьмікласнікі!
У ТРОХ АБЛІЧЧАХ РОДЫ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Рыгор Барадулін. Трэба дома бываць часцей
Віктар Карамазаў. Дзяльба кабанчыка
Тэма, ідэя і праблема мастацкага твора
Аляксей Дудараў. Вечар (Скарочана)
Аляксей Дудараў. Кім
Пытанні і заданні да раздзела
ГОЛАСАМ ДУШЫ I СЭРЦА ЛІРЫЧНЫЯ ЖАНРЫ
Народныя песні
Бяроза з лістом
Зелянеюць, зелянеюць лугі, сенажаці
Паралелізм
«Я — сын сваёй зямлі, нашчадак беларусаў...»
Грамадзянская лірыка
Янка Купала. Спадчына
Лірычны герой
Максім Багдановіч. Слуцкія ткачыхі
Пра верш «Слуцкія ткачыхі»
Сімвал
Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Вучымся выразна чытаць верш
Шандар Пецёфі. Патрыятычная песня
«Пазнаць, знайсці сябе ў бязмежным». Філасофская лірыка
Максім Танк. Шчасце
Сяргей Грахоўскі. «Чалавеку патрэбна не слава...»
Васіль Зуёнак. «Дала прырода мне ваду і цвердзь...»
Леанід Дайнека. «За крокам крок. І дзень за днём...»
Анатоль Вярцінскі. «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць...»
«Ты мне вясною прыснілася...» . Інтымная лірыка
Максім Багдановіч. Раманс
Аркадзь Куляшоў. Бывай...
Сяргей Грахоўскі. Як я жыў без цябе?..
Міхась Шушкевіч. Ты мне вясною прыснілася
Інверсія
«З прыродай зліўшыся душой...». Пейзажная лірыка
Якуб Колас. «О, край родны, край прыгожы!..» (Урывак з паэмы «Сымон-музыка»)
Максім Багдановіч. «Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог...»
Sez Belarus ädäbiyättän 1 tekst ukıdıgız.
Çirattagı - Беларуская літаратура - вучэбны дапаможнік для 8 класа - 22