Latin

Настальгія па вечнасьці

Süzlärneñ gomumi sanı 3702
Unikal süzlärneñ gomumi sanı 2057
0.0 süzlär 2000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
0.0 süzlär 5000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
0.0 süzlär 8000 iñ yış oçrıy torgan süzlärgä kerä.
Härber sızık iñ yış oçrıy torgan 1000 süzlärneñ protsentnı kürsätä.
Настальгія па вечнасьці
Юрась Півуноў (Юрый Мікалаевіч Півуноў) нарадзіўся 14 чэрвеня 1964 года ў Магілёве, вучыўся ў СШ №25 г.Магілёва, у Гомельскім палітэхнікуме. Служыў у СА (у паветрана-дэсантных войсках). Працаваў слесарам-рамонтнікам на мэблевай фабрыцы, завочна вучыўся ў Беларускім тэхналагічным інстытуце (4 курсы), затым на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута (скончыў у 1996 годзе). Працаваў дырэктарам Магілёўскай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, карэспандэнтам магілёўскіх газет “Ратуша”, “Зямля і людзі”. З лістапада 1999 года — карэспандэнт газеты “Вечерний Могилев”.
Друкаваўся ў зборніку-хрэстаматыі для вучняў старэйшых класаў “Сэрцам роднага слова краніся” (1998 год), у калектыўнай манаграфіі “Сацыякультурная прастора мовы” (1998), часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, газетах “Чырвоная змена”, “Наша Ніва”, “Наша слова”, у мясцовым друку. Таксама вершы былі змешчаны у беларускім календары “Родны край” (2004) і ў альманаху “Дзень паэзіі-2005”. У 2000-ым годзе выдаў зборнік вершаў “Настальгія па вечнасьці”.

Юрась ПІВУНОЎ
НАСТАЛЬГІЯ ПА ВЕЧНАСЬЦІ (вершы, Магілёў, 2000 год)
***
З прадмовы да кнігі “Настальгія па вечнасьці”
“Музыкай душы назваў паэзію нямецкі пісьменьнік і філосаф Ёган Гердэр. Сапраўды, вершы нараджаюцца тады, на маю думку, калі сьпявае або плача-маркоціцца, крычма крычыць ад болю ці салодка ные ад каханьня самотніца-душа. Спакой-ціша душы ня здольная нарадзіць Паэзію. Толькі боль, пакуты абуджаюць Музу, і выплёскваюцца на паперу вершаваныя радкі.
Вершы, што ўвайшлі ў кніжку, напісаныя ў перыяд з 1989-га па 1999 год. Усё, што перажыла за гэты час краіна, перажыў і я. Менавіта ў 1989-м я стаў БЕЛАРУСАМ. Першыя шматтысячныя мітынгі, праўдзівая гісторыя нашага Краю на старонках газет і часопісаў — усё гэта адкрыла мне вочы…
Я ўсьвядоміў сябе Беларусам, сынам цудоўнай і загадкавай, з трагічным лёсам, Краіны, адкрыў для сябе багацьце й мілагучнасьць роднае беларускае мовы.
Я не спрабаваў парадкаваць-падганяць свае вершаваныя радкі пад той альбо іншы спосаб-стыль вершаскладаньня — як нараджалася, гэтак і запісана…
Таксама прашу не лічыць за памылкі ўжываньне мяккага знака і прыназоўнікаў ня і бяз. Гэта ўсяго толькі элементы “тарашкевіцы” — беларускага правапісу, рэпрэсаванага ў 1933 годзе”.
У 33-м рэпрэсавалі-зьнявечылі мову, ў 95-м — “адмянілі” мову і нацыянальную сімволіку. Але ўсё яшчэ вернецца. І мова зойме пачэснае месца ў грамадстве, і “Пагоня” зь бел-чырвона-белым сьцягам зноўку стануць сімваламі Беларускае Дзяржавы. Усё толькі пачынаецца…А гэты зборнічак няхай будзе цаглінкай у падмурак новай Беларусі — Краіны ХХI стагодзьдзя. “Я не самотны, я кнігу маю…” І ахвярую сваю першую кніжку сваёй маці — Генадзіі Юльянаўне.
Юрась ПІВУНОЎ,
Ліпень 2000 г.”
РАЗЬДЗЕЛ “ЗАСЬНЕЖАНАЕ СОНЦА”
***
З лабірынту вулак гарадскіх
На волю рвецца непрыкаянае
Слова —
Маёй душы, майго жыцьця
Такія простыя й няпростыя
высновы.
І рыфме цесна ў камяніцах
і дамах,
І белы верш таксама
просіцца на волю,
І невялічкі празаічны абразок,
Бы птушка-фенікс,
нараджаецца ў
прасторы.
***
“Я сваё пражыву,
І растану, як дым…”
Васіль Сахарчук
Я сваё пражыву,
І растану, як дым, —
Што пакіну
На грэшнай зямельцы?
Застануцца мае
Ў вершах-прозе радкі,
Яшчэ сын,
Яшчэ ўзрослыя дрэвы…
***
Жыцьцё маё —
Бы лёт сьняжынкі…
І круціць вецер,
Рве ў шматкі
Кавалак ільняной кашулі,
Ў якой нібыта
Нарадзіўся я…
І шчасьце заблукала маё недзе:
Ў якіх краёх?
Якімі сьцежкамі ідзе?
Пакуль я плёхаюся
Ў гэтым “акіяне” —
Штодня надзеі меншае
І волі не стае…
А можа,
Дужа шмат прашу я ў Бога?
***
За небакрай сплывае сонца,
Зьмярканьне просіцца у горад,
На небе сьціплы абаронца
Людской Душы —
хлапчына-Месяц
Глядзіць з вышыняў недасяжных
На мітусьню, штодзённы клопат,
Ў людзей жа шмат прычынаў
розных —
Іх позірк прыкаваны долу,
А будні шэрыя зьядаюць
Жыцьця чароўныя імгненьні,
Куды ні глянеш — ўсюды бачыш
Адны нікчэмныя памкненьні…
***
У трыццаць год шукаў я шлях да Храму,
Ў жыцьцёвым лабірыньце заблукаў,
І нідзе ня мог знайсьці я выйсьця,
І йшоў да Бога, йшоў ў ягоны Храм.
Ў касьцёл зайшоўшы, ля дзьвярэй я
ўкленчваў:
“Даруй мне, Божа, ўсе мае грахі.
Бывае момант — сам сабе пярэчу,
Сумленьне й здрада — роўныя вагі…”
***
Ён доўгі
і цяжкі —
Той шлях,
твой шлях да Бога.
Душа спустошаная
Просіць паратунку.
“Ўсявышні, памажы!” —
Ляціць малітва
ў вечнасьць,
Ды вельмі моцныя яшчэ
Цянёты д’ябла.
Як цяжка разарваць
Грахоў ланцуг заганны,
Як цяжка
Над будзённасьцю
ўзьляцець,
Спазнаць пяшчоту
Боскую,
І пакаяньне,
І дараваньне,
Калі яшчэ ня позна
дараваць…
***
Сваркі ды звадкі
псуюць нам жыцьцё,
Як надакучыла
гэта усё…
Ранкам туманным
сяду ў цягнік:
Дзе ты,
загадкавы той мацярык?
Станцыя Радасьці,
Шчасьця,
Каханьня —
Бедаў і гора
няма там нізваньня.
Льецца зь нябёсаў там
дзіўны струмень,
Божае ласкі
чароўны прамень.
Хадою павольнай
пайду па расе,
Спынюся
ў нейтральнай якойсь паласе,
Зірну я спаволі назад,
скуль прыйшоў —
Там строгія постаці
ўмерлых дзядоў.
Са скрухай, дакорам
іх вочы глядзяць,
Што ўнукі
ня ўмеюць жыцьцё шанаваць…
…Сваркі ды звадкі
псуюць нам жыцьцё,
Як надакучыла
гэта усё.
Ранкам туманным
сяду ў цягнік:
Дзе ты,
загадкавы той мацярык?
Станцыя Радасьці,
Шчасьця,
Каханьня —
Бедаў і гора
няма там нізваньня…
***
Паласа нешанцаваньня
У жыцьці,
З хваравітаю сьвядомасьцю
Ў быцьці,
І спакою не прадбачыцца
Нідзе,
Кругі радасьці зьнікаюць
На вадзе…
У краіне роднай
Д’яблы правяць баль,
Зь беларусаў шмат хто
Верыць ім, на жаль,
І з тупой пакорай
Йдзе на згубу люд,
І забыліся усе
На Страшны Суд…
***
Засьнежанае сонца
сьлепіць вочы,
І забываеш
жахі чорнай ночы,
Ня згадваеш
папрокі ды праблемы,
Не існуе
ніякае дылемы.
Душа пяе,
імкнецца у вышыні,
Але…
чадзяць ў паветра чыстае машыны,
Блішчасты сьнег
рыпіць пад чаравікам,
Жабрак у пераходзе
сядзіць цьвікам.
Замілавана
згадваеш каханую,
Табе і дзецям
ўсёй душой адданую,
У Бога просіш
болей гэткіх дзён,
Бо час бяжыць —
ты ўжо не маладзён.
Дым цыгарэтны
едкі й лезе ў вочы,
А ноччу сьніўся,
пэўна, сон прарочы:
Гарыць нібыта
нашая планета
Й прыходзіць думка,
што было ўжо гэтак.
…Засьнежанае сонца
сьлепіць вочы,
І забываеш
жахі чорнай ночы,
Ня згадваеш
папрокі ды праблемы —
Не існуе
ніякае дылемы…
КАХАНАЙ
За што люблю
Халодную зіму?
Шукаць нядоўга
Трэба мне адказ.
Люблю за першы,
Белы, мокры сьнег,
За нейкую
Узьнёслую ўрачыстасьць.
Люблю за моцны,
Што кусае шчокі,
Мароз, які братае берагі
Дняпра старога,
Што пабачыў многа
За век свой
Нялёгкі і даўгі.
Люблю за дзень,
Марозны, сонечны,
Калі навокал
Ўся прырода зіхаціць
Такою прыгажосьцю
Непадробнаю,
Нібыта толькі раз
Гэта ў жыцьці.
Люблю зіму я
За мяцелі, завірухі,
Сумёты намятаючыя ўраз,
І за зімовы лес,
Што лапкамі ялінак
Зычліва
Вітае кожны раз.
Люблю за Новы год,
За ёлку ў хаце,
Якую
Раней ставіла мне маці.
Ну, а яшчэ
Люблю зіму за тое,
Што ты на сьвет
Зьявілася зімою.
***
Завея сьнежная чаруе
Лугі, палеткі ды лясы,
Бялюткай фарбай ўсё малюе
І тчэ сьняжынкай паясы.
***
Яшчэ прыцемак сьвітальны
Ахутвае зямлю,
Шэра-блакітны колер
Мае сьнежны покрыў.
Сухі быльнёг
Матляе ветрык зімны,
А той смуткуе
Пра пару юнацтва —
Пра лета й навальнічныя дажджы…
Быў час —
Усё цьвіло і красавала,
І сокам наліваліся сьцябліны…
Усё прайшло: і што табе засталася? —
Сухі быльнёг
Матляе ветрык зімны…
***
Сьнежаньскі дождж.
Брудна-шэрыя хмары
Борзьдзенька, цугам
Плывуць над зямлёй,
Смутак-туга
Заглядае у хаты,
Кладзецца цяжарам
Няпэўнасьць быцьця
На душы людскія,
Зацюканых часам,
Тых, што ня вераць
Ў прышэсьце Хрыста…
…Сьнежаньскі дождж.
Брудна-шэрыя хмары.
Спакутаваныя душы
Шукаюць спакой…
***
Сьнежань. Сьнежна…Сьнегіры…
Сані шпарка ймчацца.
Па узгорках ўздоўж ракі
Завіруха скача.
Зачаруе, замяце
Ў лясох, лугавінах,
Крупой сьнежнай сыпе ў твар,
Бачны шлях адзіны…
***
Сьняжынкі-парашуты
Кружляюць за вакном,
Спаміж самотных дрэваў
Шукаючы спакой.
Паверце, шлях няпросты
Зь нябёсаў на зямлю —
Стамлёны пух бялёсы
Кладзецца на ральлю.
І стала белым поле,
І лес па-над ракой —
Сувой зімовы, сьнежны
Снуецца над зямлёй.
ВЯЧЭРНЯЯ РАПСОДЫЯ
Тонуць ў змроку вулачкі
Гораду Старога.
Гучыць ў паветры-холадзе
Вячэрняя рапсодыя.
Сусьвету дзірка чорная
Ўсё места* паглынае,
Загадкава ўсьміхаецца,
Ласкава запрашае
У вір касьмічны кінуцца,
Душы знайсьці адхланьне,
Спазнаць пяшчоту Боскую
І радасьць, і каханьне…
——
*Места — у старажытнай Беларусі значыла “горад”.
***
Студзень. Каляды.
Ў засьнежаным парку
Дрэвы самотна
Глядзяць на мяне.
Ціха…
Па нерушным сьнезе
Ступаю…
Мяне даганяе
Сьлядоў ланцужок…
***
Цемры акіян…
Ліхтар самотны
Уяўляецца
Пясчынкай у Сусьвеце,
І прадзірае
Вечнасьці прастору,
Сьвятлом праменіць
Нібыта паходня…
СЬНЕЖНЫ ЗОРКАПАД
За вакном сягоньня
Зноўку сьнегапад.
Сыпе, сыпе зь неба
Сьнежны зоркапад.
Кожная сьняжынка,
Бы метэарыт,
Падае да долу,
Толькі не гарыць.
Любая, каханая,
Паглядзі ў вакно,
Ўся зямля накрытая
Белым палатном.
***
Ціха ў пакоі…
За шыбамі вокнаў
Віруе жыцьцё
Мітусьлівае нашае…
Ў думках шукаю
Адказ на пытаньні,
Хочацца дужа
Спрашчэньня праблемаў…
Стомлена
Ў цёмныя шыбы
ўзіраюся —
Мігцяць ліхтары
Нібы зоркі ў Сусьвеце…
***
Мова мая…
Нібы гнаная ледзі,
Ў замку,
Дзе подых далёкіх вякоў,
Просіць у Бога
Шчасьця народу,
А нацыі нашай
З руінаў паўстаць,
З духоўнага рэзруху,
Ў які цягам стагодзьдзяў
Укінулі Край Беларускі віжы
З Усходу і Захаду,
Поўначы й Поўдню —
Давесьці хацелі:
“Беларусаў няма!”
Мы ёсьць!
Мы былі!
Мы ня зьнікнем ніколі! —
Як бы таго хтосьці зь іх не хацеў.
А моцы ў змаганьні
Нам дасьць сіла духу,
Прыгажосьць нашай мовы,
Краіны прасьцяг…
***
Як многа трэба чалавеку,
Як мала хочацца душы,
Праз ўсё жыцьцё зьвіняць манеты
І вораг хіжы на мяжы.
За трыццаць срэбранікаў д’яблу
Душу прадаць, а потым што ж…
Зьгібееш ў церніях жыцьцёвых,
Сатлееш ў прысак…Анягож?!
Шукацьмеш потым ратаваньня,
Але ня знойдзеш — не шукай,
Бо Богу здрадзіў і Радзіме —
Ў пакутах стогне родны край.
Чужы акраец дзярэ глотку,
Ды і майно не на карысьць,
Прадаўшы родную старонку,
Хіба ты маеш права быць?..
***
Абсыпалася цэгла
Замкавых муроў.
Згубіў нашчадак годнасьць
Продкаў-ваяроў.
Па месьце старажытным
Вецер гоніць пыл.
Гарыць у небе зорка,
Назва ёй — Палын.
***
Сінеча нябёсаў,
І вецер паўночны,
Сады зацьвітаюць,
І ранкам марозна.
У сад пракаветны
Ступаю нясьмела,
Між дрэў там блукае
Чароўная фея.
Дзяўчына у лёгкім,
Сьвяточным убраньні,
Імя ёй — Венера,
Багіня Каханьня…
МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ
Чаму здараецца
Ў жыцьці у нашым часта,
Што лепшыя сыходзяць
У нябыт, у цемру першымі?..
Бывае, толькі-толькі пачынае
Дарунак Божы —
талент — расьцьвітаць,
Як раптам… сьмерць
Й сьцюдзёны жвір магільны…
Што застаецца? —
Творы, кнігі, словы…
***
Крадзецца вечаровы змрок
ў пакой —
І нараджае сьветлацені,
А недзе побач грукаціць
Па шляху рэйкавым цягнік.
І зьнікае бязь сьледу,
і сплывае удалеч
Мітусьлівае быцьцё чалавека-мураша…
Зьнікаюць дробязі жыцьця
І цемра патыхае Вечнасьцю…
***
“Бывают дни,
Когда опустишь руки.
И нет ни слов,
Ни музыки, ни сил…”
Зь песьні расейскага рок-гурта
“Машина времени”
Спакою не знайсьці
Душы збалелай,
Чорнай паласой
Ідзе жыцьцё,
Хоць, каму цікавае Паэта
Ціхае, сьлязьлівае ныцьцё?
Бо лягчэй за ўсё —
Паддацца лёсу,
Не змагацца
Й не спрабуючы зьмяніць
Ўяўную фатальнасьць
Існаваньня…
А ўсяго і трэба —
Годна Жыць!
***
Купаліся русалкі
На Русальным тыдні,
Гайдаліся на гнуткіх
Бярозавых галінах.
Шаптаў ім ціха ветрык,
Пры месячка сьвятле:
“Прыгожыя, вясёлыя,
Што аж душа пяе…”
Ім лашчыў вецер грудзі,
Браў за танюткі стан,
А грэшныя іх гульні
Хаваў сівы туман.
А ранкам промні сонца
Усыпалі зямлю —
І зьнік туман, і зьнікла ўсё —
Ці праўда? Ці падман?
***
Заліло малінавым сьвятлом
Сонца вечаровае палеткі,
І становіцца Сусьвету дном
Аблічча мае роднае зямелькі.
Адыходзіць дзённа мітусьня
На спачын — за рэкі, лясы, горы —
Адступае марнасьць ўся быцьця,
Хваляй наплывае Вечнасьць-мора…
Паплыву-памкнуся я па ім
Ў ірэальны сьвет сваіх ўяўленьняў,
Свацьця-ноч разбудзіць успамін
Пра мае юнацкія памкненьні…
***
Вецер-гарэза
Хіліць галіны
Самотных бярозак
На ўскрайку сяла,
Лагодзіць пяшчотныя
Рукі рабінаў…
І яблыкам сьпелым
Цяжарыць зямля.
***
Адвечны рытм жыцьця
людскога —
Ёсьць час сяўбы,
ёсьць час жніва.
Снапы ў кулях.
Спалохі навальніцы.
Рабінавая ноч.
А на парозе — восень…
***
Усьміхаецца бабіна лета
Вачыма шчасьлівых жанчын,
І купаюцца ў сонечных промнях
Чырвоныя гронкі рабін…
***
Вецер-вандроўнік
Поўніць прастору
Восеньскім смуткам,
Жалем пра лета,
Што адышло,
Прамінула так хутка…
…Сонечны водбліск
Ў куточку партрэта…
***
ЯШЧЭ ПРА МОВУ…
Што напісаць яшчэ пра мову?
Ўжо колькі вымаўлена слоў!
Аб тым, што родная, гаротная,
І перанесла зьдзек і зло.
Што талерантная, рахманая,
Нібы такі і наш народ,
Што толькі йшчэ не запрашае
Залезьці да сябе ў гарод.
А некаторыя рупліўцы,
Што зь ліку інтэрнацыяналістаў,
Глядзяць у бок чужой сталіцы,
А ў нас тут, кажуць, проста “край”
“Северо-Западный”, які
Ўжо існуе тут два вякі.
З другога ж боку, “Велька Польшча”
Крычыць, што ў нас тут “крэсы всходне”
І іхняя польская мяжа
Аж да Смаленска пралягла.
А Берасьцейская ускраіна
Гаворыць, што нібы Україна,
Ды, праўда, там яшчэ яцьвягі
Зь лясоў выходзяць на абсягі.
А Гомля? Ўвогуле Расея,
Вось гэтак, пане-дабрадзею?!
А вы пра нейкіх беларусаў.
Ды тут няма чаго і слухаць!
Ну, вось такая ў нас размова
Прайшла, хоць і была пра мову.
***
Восень расьпісала
Лісьце клёнаў барвай.
Прысадамі блукаюць
Летуценьні-мары…
У стройнае бярозкі,
Бы сівізна на скронях,
Жоўтыя лісточкі
Ляцяць долу…Шолах…
***
Шапоча вецер
Пажаўцелым лісьцем,
Ў паветры —
Павуцінак лёгкіх лёт,
Ціхмянаю хадою
Крочыць восень —
Вось і заканчваецца
Йшчэ адзін твой год…
Вясна жыцьця
Так хутка прамінула,
І што было —
Таго ня вернеш ты,
Як рэдка
Ўсё даходзіла да ладу,
Як часта
Бачыў вочы злыбяды.
***
Дажджлівае надвор’е,
Кастрычніцкая слота.
Дождж-імжака, дождж-свавольнік
Ахінуў сабою горад,
Лісьце жоўтае каштанаў
На траве пажухлай мокне…
А здаецца — нібы сонца
Раськідала аскалёпкі.
***
Адцьвіло-адбалявала лета.
Лістападам залатым
Кружляе восень.
І нібы шчасьлівая прыкмета
Паміж хмараў
Праступае неба просінь.
***
Над краем старажытным
Сёньня хмары,
І клёнаў золата
Спакою не дае.
Умольны погляд свой
Ськірую ў неба-мару
І папрашу у Бога
Шчасьця для Цябе,
Мая Краіна,
Я на ўсё гатовы,
Міну ўсе перашкоды і ману,
Бо, калі жыць,
Дык жыць дзеля Радзімы,
А калі не —
Нашто наогул Быць?!
***
К.
Не раўнуй мяне
да іншае жанчыны,
Бо з адной я толькі
здраджваю табе —
Гэта Творчасьць, гэта прага Слова —
На паперы
Адлюстроўваю я сьвет.
***
Углядаюся ў сынавы родныя вочы,
Ў іх бачная цёмная загадкавасьць ночы,
І з маці ягонаю наша каханьне
Ў вачох яго бачу і водбліск
сьвітаньня.
Яму, свайму сыну, прарочу я
шчасьце,
Яму, Беларусу, прашу ў Бога ласкі,
Бо хто, як ня ён, пастаіць за
Радзіму,
За родны наш край, за Маці-краіну?!
Углядаюся ў сынавы родныя вочы,
Ў іх бачная цёмная загадкавасьць ночы,
І з маці ягонаю наша каханьне
У вачох яго бачу і водбліск
сьвітаньня…
***
“У гэтай краіне ня маю я волі…”
Анатоль Сыс
Я народу свайму
Пець гасану ня буду.
Ды й навошта,
Калі ён сьляпы і глухі?
Лепш радзімай старонцы
Прызнацца ў любові
І пражыць свае дні ўсе
На гэтай зямлі.
Хоць у гэтай краіне
Ня маю я волі,
Але лепшай на сьвеце
Нідзе больш няма.
ТУТ Радзіма мая,
Мае дрэвы і гоні,
Маіх продкаў прытулак —
ВЯЛІКАЛІТВА!
***
“Як прыйдзе мая канчына,
пакіньце балкон адчынены…”
Федэрыка Гарсія Лорка
Як прыйдзе мая канчына,
Пакіньце балкон адчынены,
Каб меў я магчымасьць душою
Пранесьціся над зямлёю —
Над Гродняй, Гомляй, Вітэбскам,
Магілевам, Бярэсьцем ды Менскам,
Паглядзець на абшары Айчыны
Вачыма душы-аблачыны,
Разьвітацца з маёю Краінай —
Хай даруе усе мне правіны…
…Як прыйдзе мая канчына,
Пакіньце балкон адчынены…
***
“Штодня паміраю
для новага дня,
Штоміг нараджаюся
ў позірку Бога…”
Таіса Бондар
Штодня паміраю
для новага дня,
Штоміг нараджаюся
ў позірку Бога —
Кахае паперу
маіх вершаў рака,
І зноў нараджаецца
новае Слова…
РАЗЬДЗЕЛ “РАЗДВОЕНАСЬЦЬ ДУШЫ”
МАЯ БЕЛАРУСЬ
…Што ёсьць Беларусь? Кожнаму беларусу яна ўяўляецца па-свойму. Для мяне Беларусь пачынаецца зь вёскі, дзе нарадзілася мая маці, дзе ў дзяцінстве я бавіў час летніх вакацыяў.
Клічаўшчына… Край хваёвых лясоў з прамежкамі бярозавых гаёў, паўнюткіх баравікамі, махавікамі ды лісічкамі пад ялінкамі, балоцістых нізінаў з гронкамі палымяных журавінаў на зялёных купінах…Край прырэчных лугоў, дзе паважна ступаюць па мяккім дзірване квітнеючых красак белыя птушкі з чорнаю аздобаю на крылах. Гэта буслы — белыя рыцары Беларускай зямлі.
Гарэза-вятрыска сваволіць у кронах бярозак, палахлівы асіньнік шамаціць пад ягонымі цёплымі павевамі. Бяжыць у далячынь пяшчотная і ласкавая рэчка Даўжанка, буяюць зарасьцем аеру і алешкі берагі, віруе-гуляе на плёсах у рачной траве рыба…
Як устанеш ураньні — толькі сонца шчэ зьбіраецца выйсьці і туман над ракою плыве, нібы малако, ну, а хлопцы, зямлі беларускай сыночкі, ужо косы мянташаць — кладзецца трава пад лязом.
Беларусь! Пачынаесься ты з Закупленьня, з гэтай вёскі маленькай, мо будзе тут сотня двароў…
Беларусь! Для мяне ты купальская песьня і рыпеньне вясковых калодзежных жураўлёў…
Ды ці можна хіба прыгажосьць усю выказаць гэтую і пачуцьці, што поўняць душу зноў і зноў?!
Беларусь! Для мяне ты сьвятая зямліца! Нібы родная маці, ты сьвецісься ласкай сваёй!
ВЯСКОВЫ ВЕРАСЕНЬ
…У вёсцы ціха. Імжыць-церушыць верасьнёўскі дождж. Нехта, нягледзячы на слоту, яшчэ шчыруе-капае бульбу…
Куры, нарэшце, атрымалі волю — дапушчаны пасьвіцца ў гародзе, бо шмат што ўжо ўбрана, а гарбузоў ім не скляваць.
Ападаюць апошнія яблыкі — пякаюць сьпелкі долу — усё навакольле поўніцца ну проста нясьцерпным, сакавітым, што выклікае неадольную прагу пакаштаваць, яблычным водарам.
Ужо блізка час, калі дарэшты апусьцеюць лугі, палеткі і гароды, і паўсюдна запануе прыгажуня-восень залатая. Запалымнеюць чырваньню лістоты ўзьлескі, і лес будзе поўніцца пахам сырое ігліцы і восеньскіх грыбоў…
А пакуль мыюцца каля хатаў пад дожджыкам пузатыя паны-гарбузы, яшчэ сядзіць у градах, дасьпявае морква…Восень толькі ўбіраецца ў сілу.
Дождж, дождж…І мякнуць на дахах хлеўчукоў сьпелыя, ажно ружовыя, агуркі-насеньнікі. Восень…
БЕЛЫ НАКЦЮРН
Бялым-бела на двары, бялым-бела. І ўся гэтая белая, зіхатлівая прыгажосьць ад марозу, ад пухкага сьнегу, што абсыпаў інеем дрэвы, а душы людскія асьвятліў трапяткой радасьцю быцьця.
Ідучы па некранутым, зьзяючым цнатлівай чысьцінёй сьнезе, чуючы, як прыемна рыпіць ён пад нагамі, удыхаючы на поўныя грудзі марознае паветра, да болю ўваччу ўглядаесься ў асьляпляльны блакіт неба і разумееш, што гэта такое — непаўторнае, кароткае, як сьвятло зьнічкі, і такое чароўнае, Богам дадзенае імгненьне — чалавечае жыцьцё.
У такія хвіліны сэрца замірае, хочацца жыць, кахаць, зьдзейсьніць нешта вялікае і добрае ў жыцьці — пэўна, гэтае пачуцьцё і ёсьць шчасьце…
ЗІМОВЫ ФРАГМЕНТ
Раніцай яшчэ цёмна і ў небе вісіць поўня, асьвятляючы белыя зямныя абшары, скаваныя марозам, халодным шэра-перламутравым сьвятлом касьмічнай бясконцасьці. Сьцежкі прыцярушаныя сухім, крупчастым, яшчэ некранутым сьнегам, які парыпвае пад нагамі “першапраходцаў”, а пад сьвятлом ліхтароў нагадвае зіхаценьне навагодняй мішуры.
Над зямлёй пануе халодная маўклівасьць. Сьпяць магутныя, жыватворныя сілы прыроды, і, можа, таму ўзьнікае пачуцьцё няўцешнасьці, смутку, бо здаецца, нішто ўжо ня можа парушыць гэты зімова-мёртвы спакой…
НА КЛАДЗІШЧЫ
Зіма. Старыя вясковыя могілкі. Пранізьліва-марозны вецер надрываецца ў вершалінах векавых дрэў, гоніць шэрыя хмары па нізкім небе. І шчодра сыплецца долу сьнежная пацяруха на схаваныя сярод крыжоў і помнікаў камяні-валуны, на невялічкія грудкі зямлі. Плот, якім абнесеныя могілкі, там-сям паваліўся, а сям-там ледзь-ледзь трымаецца. Тут, на кладзішчы, ляжаць сотні тых, хто некалі кахаў і плакаў, сьмяяўся й спадзяваўся…
РАЗДВОЕНАСЬЦЬ ДУШЫ
Гледзячы на сябе ў люстэрка, часам адчуваеш, што ты не адзінокі, з табой яшчэ і твой двайнік, але зь іншым унутраным складам душы. Пэўна ж, так яно й ёсьць. І гэта ня толькі ў духоўным сьвеце, але і ў фізічным (матэрыяльным). Можа, адсюль і супярэчлівасьць людскіх учынкаў…
ВЕЧАР
Павольна каціўся за небакрай ружовы мячык сонца. Невялічкая хмарка, што плыла над ім, нагадвала птушку, якая адбілася ад чарады і цяпер імчыць наперад у імкненьні хутчэй дагнаць сваіх.
Насустрач сонцу з-за небасьхілу выплывала агромністая, амаль на ўвесь небакрай, лілова-шэрая ў промнях вечаровага сонца, хмара. Зь ёю разам на горад нясьпешна апускалася ноч, несучы на Зямлю таямнічы й загадкавы подых Сусьвету.
У гэты час звычайна прызначаюць спатканьні каханым. Напэўна, таму, што каханьне і ёсьць самая вялікая таямніца.
ДОЖДЖ
Люблю дождж. Асабліва летні, цёплы. Кроплі на сваім шляху да зямлі натыкаюцца на дахі дамоў, вершаліны дрэў, машыны, парасоны, зь якімі вечна кудысьці сьпяшаюцца людзі.
Кроплі б’юць па асфальце і зьбягаюцца ў ручайкі вясёлкавага колеру (верная прыкмета цывілізацыі), імкнучыся хутчэй змыць бруд з твару зямлі.
Пад дажджом выпростваецца трава, становіцца ярка-зялёнай, з празрыстымі пацеркамі на сьцяблінках. Дрэвы з удзячнасьцю і задавальненьнем шапочуць чыстаю, мокраю лістотай, нібыта кажучы: “…нарэшце… нарэшце… дождж… дождж…”
Паветра пасьля дажджу чыстае, прапітанае пахамі зямлі. Ды й сама Зямля ўяўляецца ня йнакш, як маладой прыгожай жанчынай.
У КОЖНАГА СВОЙ СЬВЕТ
Кожны чалавек стварае ў сваёй кватэры або хаце асабісты сьвет. Чалавек заўсёды жыве ў гэтым сьвеце, нават калі ён на працы, у адпачынку ці ў аўтобусе, цягніку або ў дарозе; у думках ён заўсёды дома… Безумоўна, гэты дом і гэты сьвет не заўсёды цёплы і ўтульны, калі чалавек адзінокі, калі ў яго няма каханага чалавека. І тады гэты дом падобны на сьвет бяз сонца.
ТРАВЕНЬСКІ ДОЖДЖ
У пакоі становіцца цёмна, нібы зьмярканьнем, ад вялікай шэрай хмары, і хутка па падваконьні бомкаюць буйныя кроплі дажджу, пырскі ад якіх трапляюць на шыбу, пакідаючы на ёй сьлед свайго кароткага жыцьця — жыцьця ад хмары-матулі да зямлі-красуні. Срэбна-прамяністыя дажджынкі скачуць па даху, шапацяць у лістоце дрэў, сьмела ныраючы ў шматлікія азяркі-калюжкі, якія сабраліся ад гэтага шчодрага і цёплага дажджу.
Усё жывое на зямлі радуецца гэтаму травеньскаму навальнічнаму дожджыку: бярозкі-прыгажуні і рабінкі-сястрычкі, стройныя клёны і пяшчотныя жаноцкія вербачкі-дзевачкі, і нават стары мажны волат-дуб на ўзгорку, і той нібы маладзее і выпроствае свае пакручастыя галіны зь лісточкамі-дубочкамі насустрач празрыстым, звонкім дажджынкам-дзяўчынкам. Зямля ўдзячна ўбірае жыватворную вадзіцу, каб потым спаўна аддаць яе ўжо сваімі гаючымі сокамі ўсяму жывому.
ПТУШЫНАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ
Людзі ўвесь час шукаюць нейкія незямныя цывілізацыі, не заўважаючы, што на Зямлі яны існуюць побач з намі.
Паглядзіце наўкола, на птушынае царства. Хіба нельга сказаць, што ў іх ня толькі свае гнёзды, але і свая мова, свае звычаі, урэшце, сваё грамадства. Дык хіба ж гэта не цывілізацыя?
НАВАЛЬНІЦА
…Здалёк паплылі хмаркі-аблачынкі, па вершалінах дрэў пранёсься вецер-сполах… І вось вялізная, фіялетава-шэрая хмара-пачвара наплывае на вёску. Уздымаецца вецер-паземнік і долу ляцяць першыя буйныя кроплі-дажджынкі. Яшчэ раз грозна ўздыхае хмарына і ўжо, здаецца, уся прастора, увесь сьвет апанаваны дажджавою навалай…
Лье моцны дождж, а адзін пеўнік-падлетак ходзіць па двары — хоць бы што яму. Можа, гэтаксама, як і я — любіць дождж? Памятаю ў дзяцінстве: як пачынаецца дождж, дык я выходжу з дому і — альбо блукаю пад дожджыкам па лужынах, альбо, схаваўшыся дзе-небудзь пад страхою, дыхаю чысьцюткім, вільготным паветрам, што поўніцца пахамі зямлі і ўсяго зямнога…
Пасьвятлела, дождж паменшаў і паступова сьціх зусім, пакінуўшы азёры-лужынкі ды на галінках дрэў — празрыстыя кроплі-сьлязінкі.
…Невялічкі прасьвет і … новая хмара, і моцны, зноў як зь вядра, дождж. Раздажджылася… Аблачыны-хмары шпарка плывуць чарадою на захад. Дзесьці ў нетрах нябёсаў грукоча-імчыць Перунова калясьніца — палымнеюць час ад часу прывідным бляскам маланкі…
На бярвеньні ўладкаваліся жоўтыя гарбузы-пузацікі. Паклала іх маці дасьпяваць, а тут дождж… Ну і няхай памыюцца.
На падворку сьветла больш-менш, а вось на лузе, за рэчкай, суцэльная шэрая дажджавая заслона.
Плача восень дажджом верасьнёўскім на хаўтурах па леце мінулым…
ПРАМЕНЬ ЖЫЦЬЦЯ
Што ёсьць наш зямны век?
Як сонечны прамень — залятае раніцою ў пакой, жыве ў ім, рухаючыся па сьцяне, а надвячоркам зьнікае ў прасторы, гэтак і чалавек — зьяўляецца ў гэты сьвет, жыве ў пакутах, радасьцях (гэта ўжо каму колькі й чаго наканавана), ды ўрэшце пакідае грэшную зямельку.
НАСТАЛЬГІЯ ПА ВЕЧНАСЬЦІ
…Лістападаўскі вечар. За вакном шамаціць халодны восеньскі дождж. Раз-пораз па дарозе каля дому праносяцца, распырскваючы лужыны на мноства фантанчыкаў, машыны. У цьмяным сьвятле ліхтароў-маякоў блішчаць пакручастыя, аголеныя (і ад гэтага нейкія пачварныя) мокрыя галіны дрэваў. Роўны пошум дажджу навявае спакой. Ціха. Ня верыцца нават, што недзе побач шуміць-віруе й цяжка дыхае небарака-горад. Там — заўсёды сьпяшаюцца некуды людзі й машыны, там — мора агнёў, сьвятла, гукаў… Тут жа — толькі ціхі шолах дажджу за вакном.
Ніяк не здаволіцца цішынёй. Гэта, пэўна, хранічная “хвароба” многіх гараджанаў. Вяскоўцам гэтага не зразумець. Яны стала жывуць у спакойнай атмасьферы зацятага сялянскага побыту — і для іх гэта звыклы стан.
У вёсцы, асабліва летнім позьнім вечарам ці ноччу, стаіць гэткая ціша, што чутна, як шуміць рэчка на перакатах, як стукае ўдалечыні, бегучы па рэйках у вялікія, тлумныя гарады, цягнік.
Усё думаю, як назваць гэтую неспатольную прагу цішыні, спакою? Магчыма, настальгіяй па вечнасьці?..
***
Я жыву,
Я сьцьвярджаю
сваё існаваньне,
Штосьці тут
адмаўляю,
А штосьці прыму,
Толькі мэту адну
Не адпрэчу ніколі —
Каб заўжды была вольнай
Мая Беларусь.

Sez Belarus ädäbiyättän 1 tekst ukıdıgız.